Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 2

Сыне мой, калі ты прымеш словы мае і захаваеш пры сабе запаведзі мае,

і вуха сваё прыхіліш да мудрасьці і прытуліш сэрца тваё да разважлівасьці,

калі будзеш клікаць да ведаў і зьвяртацца да розуму;

калі будзеш шукаць яго, нібы срэбра, і знаходзіць яго, нібы скарб:

тады ўразумееш страх Гасподні і знойдзеш спазнаньне Бога.

Бо Гасподзь дае мудрасьць; і з вуснаў Яго - веды і розум;

Ён дае праведным выратаваньне; Ён - шчыт тым, што ў беззаганнасьці ходзяць.

Ён ахоўвае дарогу праўды і асланяе сьцежку сьвятых Сваіх.

Тады ты зразумееш справядлівасьць і права і шчырасьць, усялякую сьцежку дабра.

Калі мудрасьць увойдзе ў сэрца тваё, і веды будуць прыемныя душы тваёй:

тады разважлівасьць будзе берагчы цябе, розум будзе ахоўваць цябе,

каб адвесьці цябе ад дарогі ліхое, ад чалавека, які гаворыць няпраўду,

ад тых, што пакідаюць дарогі простыя, каб хадзілі дарогамі цемры;

ад тых, што радуюцца, робячы ліхое, захапляюцца ліхою распустай,

у якіх дарогі крывыя і якія блукаюць па сьцежках сваіх;

каб уратаваць цябе ад жонкі другога, чужой, якая злагоджвае словы свае,

якая пакінула сябра маладосьці сваёй і занядбала запаведзь Бога свайго.

Дом яе вядзе да сьмерці, і сьцежкі яе - да мёртвых;

ніхто, увайшоўшы да яе, не вяртаецца і ня ступае на дарогу жыцьця.

Таму хадзі дарогаю добрых і трымайся сьцежкі праведнікаў,

бо праведныя будуць жыць на зямлі, і беспахібныя застануцца на ёй;

а бязбожныя будуць вынішчаны зь зямлі, і няверныя выкарчаваны зь яе.