Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 21

Сэрца цара ў руках у Госпада, як патокі водаў: куды захоча, Ён кіруе яго.

Усякі шлях чалавека просты ў вачах ягоных; а Гасподзь узважвае сэрцы.

Справядлівасьць і праўду чыніць - больш даспадобы Госпаду, чым ахвяра.

Гонар вачэй і пыха сэрца, сьветачы бязбожнікаў - грэх.

Задумы руплівага вядуць да дастатку, а кожны сквапны церпіць нястачу.

Набываньне скарбу ілжывым языком - мімалётная марнасьць тых, што шукаюць сьмерці.

Гвалт бязбожных абернецца супроць іх, бо яны выракліся праўды.

Крывая дарога ў чалавека разбэшчанага; а хто чысты, у таго ўчынкі пабожныя.

Лепей жыць у закутку на даху, чым са сварліваю жонкай у прасторным доме.

Душа бязбожніка прагне ліхаты: ня знойдзе літасьці ў вачах яго і сябар ягоны.

Калі караюць блюзьнера, просты робіцца мудрым; і калі настаўляецца на розум мудры, дык ён набывае веды.

Праведнік назірае за домам бязбожніка: як упадаюць бязбожныя ў няшчасьце.

Хто затуляе вуха сваё ад ляманту беднага, той і сам будзе лямантаваць - і ня будзе пачуты.

Дарунак таемны тушыць гнеў, а дарунак запазуху - моцную лютасьць.

Чыніць правасудзьдзе - радасьць праведніку і страх тым, хто нясе зло.

Чалавек, які зьбіўся з дарогі розуму, спачне ў зборні мёртвых.

Хто любіць весялосьць - зьбедніцца; і хто любіць віно і масьці - не разбагацее.

Выкупам будзе за праведнага бязбожны, і за пабожнага - хітры.

Лепей жыць у зямлі пустэльнай, чым з жонкаю сварліваю і сярдзітаю.

Жаданы скарб і масьць - у доме ў мудрага; а неразумны чалавек распускае іх.

Хто трымаецца праўды і ласкі, знойдзе жыцьцё, праўду і славу.

Мудры ўваходзіць у горад моцных і руйнуе цьвярдыню іхняй надзеі.

Хто беражэ вусны свае і язык свой, той асланяе ад бяды душу сваю.

Пыхлівы злодзей - блюзьнер імя яму - дзее ў запале пыхі.

Прагнасьць гультая заб'е яго, бо рукі ў яго адмаўляюцца працаваць;

кожны дзень ён моцна прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

Ахвяра бязбожных - агіднасьць, асабліва калі з хітрасьцю прыносяць яе.

Ілжывы сьведка загіне, а чалавек, які кажа, што ведае, будзе гаварыць заўсёды.

Чалавек бязбожны дзёрзкі тварам сваім, а праведны трымае проста шлях свой.

Няма мудрасьці і няма розуму і няма вады - насуперак Госпаду.

Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога - ад Госпада.