Выслоўі, глава 22

Выс 22 Добрае імя лепшае за вялікае багацьце, і добрая слава лепшая за срэбра і золата. Багаты і бедны сустракаюцца адзін з адным; таго і другога стварыў Гасподзь. Разумны бачыць бяду і хаваецца; а нявопытныя ідуць наперад, прымаюць кару. За пакораю ідзе сьледам страх Гасподні, багацьце і слава і жыцьцё. Церні і сеткі на дарозе падступнага; хто беражэ душу сваю, адыдзіся ад іх. Наставі юнака на пачатку шляху яго: ён ня збочыць зь яго, калі і састарыцца. Багаты пануе над бедным, і даўжнік робіцца рабом пазычальніка. Хто сее няпраўду, пажне буру, і біч гневу яго прападзе. Міласэрны будзе дабраславёны, бо дае беднаму ад хлеба свайго. Прагані блюзьнера, і зьнікне разлад, і выйдзе зь ім свара і кляцьба. Хто любіць чысьціню сэрца, той мае прыемнасьць на вуснах, таму цар - сябар. Вочы Госпада ахоўваюць веды, а словы вераломнікаў Ён абвяргае. Гультай кажа: «леў на вуліцы! сярод плошчы заб'юць мяне!» Глыбокая прорва - вусны распусьніц; на каго ўгневаецца Гасподзь, той упадзе туды. Глупства прывязалася да сэрца юнака; але дубец выхаваньня адвядзе яе ад яго. Хто крыўдзіць беднага, каб памножыць сваё багацьце, і хто дае багатаму, той зьбяднее. Прыхілі вуха тваё, і слухай словы мудрых, і сэрца тваё павярні да маіх ведаў; бо добра будзе, калі ты будзеш хаваць іх у сэрцы тваім, і яны будуць таксама на вуснах тваіх. Каб надзея твая была на Госпада, я вучу цябе і сёньня, і ты памятай. Ці ж ня пісаў я табе тройчы ў парадах і ў настаўленьні, каб навучыць цябе дакладным словам ісьціны, каб ты мог сказаць словы ісьціны тым, хто папытае ў цябе? Не абірай беднага, бо ён бедны; і не заціскай няшчаснага ў браме; бо Гасподзь заступіцца за справу іхнюю і забярэ душу ў рабаўнікоў іхніх. Не сябруй зь гняўлівым і ня супольнічай з чалавекам запальчывым, каб ня стаць на шляхі ягоныя і не наклікаць пятлі на душу тваю. Ня будзь з тых, якія даюць рукі і ручаюцца за пазыкі. Калі табе няма чым заплаціць, дык навошта даводзіць сябе, каб узялі пасьцель тваю з-пад цябе. Не перасоўвай мяжы даўняй, якую правялі бацькі твае. Ці бачыў ты чалавека спраўнага ва ўчынках сваіх? Ён будзе стаяць перад царамі; ён ня будзе стаяць перад простымі.