Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 24

Не зайздросьці ліхім людзям і ня прагні быць зь імі:

бо пра насільле думае сэрца іхняе, і пра ліхое гавораць вусны іхнія.

Мудрасьцю ладзіцца дом і розумам сталюецца,

і праз гаспадарчасьць нутро яго напаўняецца ўсякай каштоўнай і прыемнай маёмасьцю.

Чалавек мудры - дужы, і чалавек разумны мацуе сілу сваю.

Таму абдумана вядзі вайну тваю, і посьпех будзе пры мностве радцаў.

Неразумнаму мудрасьць занадта высокая; каля брамы не разамкне ён вуснаў сваіх.

Хто намышляе зрабіць зло, таго называюць зламысьнікам.

Намысел неразумнага - грэх, і блюзьнер - мярзота людзям.

Калі ты ў дзень бедства зьнясіліўся, дык бедная сіла твая.

Ратуй узятых на сьмерць, і няўжо ты адмовішся ад асуджаных на ўбой?

Ці скажаш: «вось, мы ня ведалі гэтага?» А Выпрабавальнік сэрцаў хіба ня ведае? Назіральнік за душою тваёю ведае гэта і дасьць чалавеку паводле ўчынкаў ягоных.

Еж, сыне мой, мёд, бо ён смачны, і сотавы, бо ён салодкі паднябеньню майму:

такое і спазнаньне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, дык ёсьць будучыня, і надзея твая ня марная.

Не намышляй ліха, бязбожнік, супроць жытлішча праведнага; ня спустошвай месца спакою ягонага.

Бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане; а бязбожныя тонуць у пагібелі.

Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой; і хай не весяліцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца.

Інакш убачыць Гасподзь, і не даспадобы будзе Яму гэта, і Ён адверне ад яго Свой гнеў.

Не абурайся ліхадзеямі і не зайздросьці бязбожнікам:

бо ліхі ня мае будучыні - сьветач бязбожных патухне.

Бойся, сыне мой, Госпада і цара; і зь мяцежнікамі ня супольнічай,

бо зьнянацку прыйдзе пагібель на іх; і бяду ад іх абодвух хто загадзя ўведае?

Сказана таксама мудрымі: зважаць на асобы ў судзе - нядобра.

Хто кажа вінаватаму: «твая праўда», таго праклянуць народы, таго зьненавідзяць плямёны;

а тыя, што судзяць справядліва, будуць любасныя, бо прыйдзе на іх дабраславеньне.

У вусны цалуе той, хто адказвае словамі правільнымі.

Зрабі справы свае па-за домам, закончы іх на полі тваім, а потым уладжвай і дом твой.

Ня сьведчы ілжыва на блізкага твайго; навошта табе ашукваць вуснамі тваімі?

Не кажы: «як ён зрабіў са мною, так і я зраблю зь ім, адплачу чалавеку паводле ўчынкаў ягоных».

Праходзіў я ўскрай поля чалавека лянівага і ўскрай вінаградніка чалавека неразумнага.

І вось, усе гэта зарасло крапівою, паверхня яго збуяла бадзякамі, і каменны мур абваліўся.

І падзівіўся я, і ўзяў да сэрца, і ўбачыў, і атрымаў навуку:

«крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху, рукі згарнуўшы, паляжыш;

і прыйдзе беднасьць твая, як разбойнік, і галеча твая - як чалавек узброены».