Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 6

Сыне мой! калі ты паручыўся за блізкага свайго і даў руку тваю за другога,

і аблытаў сябе словамі вуснаў тваіх, злоўлены словамі вуснаў тваіх,

зрабі ж, сыне мой, вось што: вызваліся, бо ты трапіў у рукі блізкага твайго: ідзі, упадзі да ног і ўмольвай блізкага твайго;

не давай сну вачам тваім і дрымоты вейкам тваім;

ратуйся, як сарна з рукі, і як птушка з рукі птушкалова,

падыдзі да мурашкі, гультаю, паглядзі на шляхі яе, і будзь мудры.

Няма ў яе ні валадара, ні прыстаўленага, ані ўпраўцы;

а яна рыхтуе летам свой хлеб, зьбірае ў час жніва пракорм свой.

Дакуль ты, гультаю, будзеш ляжаць? калі ты ўстанеш ад сну твайго?

Крыху пасьпіш, крыху падрэмлеш, крыху склаўшы рукі паляжыш:

і прыйдзе, нібы валацуга, беднасьць твая, і галеча твая, як разбойнік.

Чалавек падступны, чалавек бязбожны ходзіць зь ілжывымі вуснамі,

міргае вачыма сваімі, гаворыць нагамі сваімі, дае знакі пальцамі сваімі;

хітрына ў сэрцы ў яго, ён намышляе ліхое ва ўсякі час, сее разлад.

Таму зьнянацку прыйдзе пагібель яго, раптам будзе разьбіты - без ацаленьня.

Вось гэтыя шэсьць ненавідзіць Гасподзь, нават сем, - агіда душы Яго:

вочы ганарыстыя, язык хлусьлівы і рукі, што праліваюць нявінную кроў,

сэрца, якое куе ліхія намыслы, ногі, якія шпарка бягуць да ліхадзейства,

ілжывы сьведка, які хлусіць, і той, хто сее разлад між братамі.

Сыне мой! захоўвай запаведзі бацькі твайго і не адкідай настаўленьняў маці тваёй;

навяжы іх назаўсёды на сэрца тваё, абвяжы імі шыю тваю.

Калі ты пойдзеш, яны накіруюць цябе; калі ляжаш спаць, будуць ахоўваць цябе; калі прачнешся, гутарыць будуць з табою:

бо запаведзь ёсьць сьветач, а навука - сьвятло, і павучальныя наказы - дарога жыцьця,

каб засьцерагчы цябе ад зласьлівай жанчыны, ад лісьлівага языка чужынкі.

Не пажадай хараства яе ў сэрцы тваім, і хай не завабіць яна цябе вейкамі сваімі;

бо жанчыне распуснай даюць кавалак хлеба; а замужняя жанчына палюе на дарагую душу.

Хто можа ўзяць агонь запазуху, каб не прагарэла адзежа яго?

Хто можа хадзіць па распаленым вугольлі, каб не апаліць ног сваіх?

Тое самае бывае і з тым, хто ўваходзіць да жонкі блізкага свайго; хто дакранецца да яе, не застанецца бязь віны.

Не патураюць злодзею, калі ён крадзе, каб насыціць душу сваю, калі ён галодны;

але злоўлены, ён заплаціць у сем разоў, аддасьць усю маёмасьць дома свайго.

А хто пералюбнічае з жанчынаю, у таго няма розуму; той губіць душу сваю, хто робіць такое;

пабоі і ганьбу ён зышча, і ганьба яго не сатрэцца;

бо рэўнасьць - лютасьць мужчыны, і не ўмілажаліцца ён у дзень помсты,

ня прыме адкупу ніякага, і не захоча, як бы ты ні памножыў гасьцінцы.