Кніга выслоўяў Саламонавых, разьдзел 9

Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,

закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;

паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:

«хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:

«ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;

адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».

Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка - пляміць сябе.

Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;

дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.

Пачатак мудрасьці - страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога - розум;

бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.

Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.

Жанчына бяз розуму - крыклівая, дурніца - ні ў чым не абазнаная,

сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,

каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:

«хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:

«вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».

Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.