Кніга Псальмаў, псальм 104

Слаўце Госпада; заклікайце імя Ягонае; абвяшчайце ў народах дзеі Ягоныя.

Сьпявайце Яму і грайце Яму; раскажэце пра ўсе цуды Ягоныя.

Хвалецеся імем Ягоным сьвятым; хай цешыцца сэрца ў тых, хто шукае Госпада.

Шукайце Госпада і сілы Ягонай, шукайце аблічча Ягонага заўсёды.

Згадвайце цуды Ягоныя, якія ўчыніў, азнакі Ягоныя і суд вуснаў Ягоных,

вы, семя Абрагамавае, рабы Ягоныя, сыны Якава, выбранцы Ягоныя.

Ён Гасподзь Бог наш; па ўсёй зямлі суды Ягоныя.

Вечна Ён памятае Свой запавет, слова, якое запавядаў тысячам родаў,

якое запавядаў Абрагаму, і клятву сваю Ісааку,

і паставіў тое Якаву законам, і Ізраілю запаветам вечным,

кажучы: табе дам зямлю Ханаанскую як часьціну спадчыны вашай.

Калі іх было яшчэ лікам мала, вельмі мала, і былі яны прыхадні ў ёй,

і пераходзілі ад народу да народу, з царства да іншага племя,

нікому не дазваляў крыўдзіць іх, і за іх цароў дакараў:

«не дакранайцеся да памазанцаў Маіх, і прарокам Маім не рабеце зла».

І наклікаў голад на зямлю; кожнае хлебнае сьцябло паламаў.

Паслаў перад імі чалавека: у рабы быў прададзены Язэп.

Скавалі аковамі ногі яму, у жалеза ўвайшла душа ягоная,

пакуль спраўдзілася слова Ягонае: слова Гасподняе выпрабавала яго.

Паслаў цар, і разьвязалі яго; уладар народаў, і вызваліў яго.

Паставіў яго гаспадаром над домам сваім і ўпраўцам над усім валоданьнем сваім,

каб ён настаўляў валадароў ягоных паводле сваёй душы і старэйшын ягоных вучыў мудрасьці.

Тады прыйшоў Ізраіль у Егіпет, і перасяліўся Якаў у зямлю Хамаву,

і вельмі размножыў Бог народ Свой, і зрабіў яго мацнейшым за ворагаў ягоных.

Абудзіў у сэрцы іхнім нянавісьць супроць народу Ягонага і хітрасьць супроць рабоў Ягоных.

Паслаў Майсея, раба Свайго, Аарона, якога абраў.

Яны паказалі сярод іх слова азнакаў Ягоных і дзівосы Ягоныя ў зямлі Хамавай.

Паслаў цемру, і зрабіў морак, і не зрабілі супору слову Ягонаму.

Ператварыў іхнюю ваду ў кроў, і замарыў рыбу іхнюю.

Зямля іхняя ўрадзіла шмат жаб нават у спальні цароў іхніх.

Ён сказаў, і прыйшлі розныя насякомыя, воды ва ўсе іхнія межы.

Замест дажджу паслаў на іх град, вагонь пякучы на зямлю іхнюю.

І пабіў вінаград іхні і смакоўніцы іхнія, і паваліў дрэвы ў межах іхніх.

Сказаў, і прыйшла саранча, і безьліч вусеняў;

і паелі ўсю траву на зямлі іхняй, і паелі плады на палях іхніх.

І забіў кожнага першынца ў зямлі іхняй, пачаткі ўсёй сілы іхняй.

І вывеў іх з срэбрам і золатам, і ня было ў іхніх плямёнах хворага.

Узрадаваўся Егіпет выхаду іхняму; бо страх ад іх напаў на яго.

Прасьцёр ім хмару як заслону і вагонь, каб сьвяціў ім ноччу.

Прасілі, і Ён паслаў перапёлак, і хлебам нябесным карміў іх.

Раскалоў камень, і пацяклі воды, пацяклі ракою па мясьцінах сухіх,

бо ўзгадаў Ён сьвятое слова Сваё да Абрагама, раба Свайго,

і вывеў народ Свой у радасьці, выбранцаў Сваіх у весялосьці:

і даў ім землі народаў, і перанялі яны працу людзкую,

каб трымаліся пастановаў Ягоных і законы Ягоныя захоўвалі. Алілуя!