Кніга Псальмаў, псальм 109

Псальма Давідава.

Сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзі праваруч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падножжа ног Тваіх.

Жазло сілы Тваёй пашле Гасподзь зь Сіёна: валадары сярод ворагаў Тваіх.

У дзень моцы Тваёй народ Твой гатовы ў аздобах сьвятыні; з улоньня дзяньніцы падобнае да расы Тваё нараджэньне.

Прысягаўся Гасподзь і не раскаецца: Ты Сьвятар навекі паводле абраду Мэлхісэдэкавага.

Гасподзь праваруч Цябе. Ён у дзень гневу Свайго пакарае цароў;

учыніць суд над народамі, напоўніць зямлю трупамі, раструшчыць галаву ў зямлі шырокай.

З патока на дарозе будзе піць, і таму падыме галаву.