Кніга Псальмаў, псальм 11

Кіроўцу хору. На васьміструнным. Псальма Давідава.

Ратуй, Госпадзе; бо няма пабожнага, бо няма верных сярод сыноў чалавечых.

Кожны хлусіць блізкаму свайму; вусны лісьлівыя ад няшчырага сэрца гавораць.

Зьнішчыць Гасподзь усе вусны лісьлівыя, язык велягурысты,

тых, што кажуць: «языком нашым адужаем; вусны нашыя з намі; хто нам гаспадар?»

Дзеля пакутаў убогіх і стогнаў гаротнікаў сёньня паўстану, кажа Гасподзь, і дам бясьпеку таму, каго хочуць злавіць.

Словы Гасподнія - словы чыстыя, срэбра, ачышчанае ад зямлі ў горане, сем разоў ператопленае.

Ты, Госпадзе, захаваеш іх, аслоніш навекі ад гэтага роду.

Усюды ходзяць бязбожныя, калі нікчэмнасьць з сыноў чалавечых узвысілася.