Кніга Псальмаў, псальм 119

Песьня ўзыходжаньня.

Да Госпада зьвярнуўся я ў скрусе маёй, і Ён пачуў мяне.

Госпадзе! ратуй душу маю ад вуснаў манлівых, ад языка падступнага!

Што дасьць табе і што дадасьць табе язык падступны?

Вострыя стрэлы моцнага, з жарам ад ядлоўцу.

Гора мне, што я застаюся ў Мосаха, жыву пад намётамі Кідарскімі.

Доўга жыла душа мая зь ненавісьнікамі міру.

Я міралюбны; але як толькі скажу пра мір, яны - ідуць ваяваць.