Кніга Псальмаў, псальм 121

Песьня ўзыходжаньня. Давідава.

Усьцешыўся я, калі мне сказалі: пойдзем у дом Гасподні.

Вось стаяць ногі нашыя ў браме тваёй, Ерусаліме, -

Ерусалім, пабудаваны як горад, зьліты ў адно,

куды сыходзяцца плямёны, плямёны Гасподнія паводле закону Ізраіля славіць імя Гасподняе.

Там стаяць троны суду, троны дома Давідавага.

Прасеце спакою Ерусаліму: хай жывуць у дабрадзенстве тыя, хто любіць цябе!

Хай будзе спакой у мурах тваіх, дабрадзенства - у харомах тваіх!

Дзеля братоў маіх і блізкіх маіх кажу я: «Мір табе!»

Дзеля дома Госпада, Бога нашага, зычу табе дабра.