Кніга Псальмаў, псальм 128

Песьня ўзыходжаньня.

Шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, хай скажа Ізраіль:

шмат уціскалі мяне зь юнацтва майго, але не адолелі мяне.

На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.

Але Гасподзь справядлівы; Ён расьсек путы бязбожнікаў.

Хай пасаромяцца і павернуць назад усе ненавісьнікі Сіёна.

Хай будуць, як трава на дахах, якая раней, чым вырвана будзе, засыхае,

якою жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы - жмені сваёй;

і хто праходзіць міма, ня скажа: дабраславеньне Гасподняе на вас; дабраслаўляем вас імем Гасподнім!