Кніга Псальмаў, псальм 13

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Сказаў шаленец у сэрцы сваім: няма Бога. Яны разбэсьціліся, нарабілі брыдоты ўсялякай: няма дабрадзейных.

Гасподзь глянуў зь нябёсаў на сыноў чалавечых, каб пабачыць, ці ёсьць той, хто разумее, хто шукае Бога.

Усе ўхіліліся, зрабіліся аднолькава непатрэбныя; ніхто ня робіць дабра, ніхто аніводзін.

Няўжо ня ўрымсьцяцца беззаконьнікі, якія народ мой ядуць, быццам хлеб, і Госпада не заклікаюць?

Там страхам яны апантаюцца; бо Бог сярод роду праведнікаў.

Вы пасьмяяліся з думкі гаротніка, што Гасподзь - спадзяваньне ягонае.

«Хто падасьць зь Сіёна ратунак Ізраілю?» Калі Гасподзь скасуе палон народу Свайго, тады ўзрадуецца Якаў і ўзьвесяліцца Ізраіль.