Кніга Псальмаў, псальм 149

Алілуя.

Сьпявайце Госпаду песьню новую; слава Яму на сходні сьвятых.

Хай радуецца Ізраіль за Творцу свайго; сыны Сіёна хай радуюцца за Цара свайго.

Хай хваляць імя Ягонае скокамі; на тымпане і арфе хай сьпяваюць Яму,

бо дабраволіць Гасподзь народу Свайму, праслаўляе пакорных ратункам.

Хай радуюцца сьвятыя ў славе, хай сьпяваюць на ложках сваіх.

Хай будуць праслаўленьні Богу ў іхніх вуснах, і меч двусечны ў руцэ іхняй,

каб помсьціць народам, караць плямёны,

закоўваць цароў іхніх у кайданы і вяльможаў іхніх - у путы жалезныя,

чыніць над імі суд пісаны. Гонар гэты - усім сьвятым Ягоным. Алілуя.