Кніга Псальмаў, псальм 19

Кіроўцу хору. Псальма Давідава.

Хай пачуе цябе Гасподзь у дзень скрухі, хай абароніць цябе імя Бога Якаўлевага.

Хай пашле табе дапамогу са Сьвятыні, і зь Сіёна хай падмацуе цябе.

Хай успомніць усе прынашэньні ахвяраў твае і цэласпаленьне тваё хай зробіць тлустым.

Няхай дасьць табе, што па сэрцы табе, і ўсе намеры твае няхай выканае.

Мы парадуемся выратаваньню твайму, і ў імя Бога нашага падымем сьцяг. Няхай выканае Гасподзь усе просьбы твае.

Сёньня спазнаў я, што Гасподзь ратуе памазанца Свайго; адказвае яму са сьвятых нябёсаў Сваіх магутнасьцю ратавальнай правіцы Сваёй.

Некаторыя калясьніцамі, некаторыя конямі, а мы імем Госпада, Бога нашага, хвалімся:

яны пахіснуліся, і ўпалі, а мы ўсталі, і стаім проста.

Госпадзе! уратуй цара, і пачуй нас, калі паклічам.