Кніга Псальмаў, псальм 25

Псальма Давідава.

Рассудзі мяне, Госпадзе, бо хадзіў я ў беспахібнасьці маёй, і, у надзеі на Госпада не пахіснуся.

Выпрабуй мяне, Госпадзе, растапі мне вантробы і сэрца маё,

бо міласьць Твая перад маімі вачыма, і ў праўдзе Тваёй я хадзіў,

не сядзеў я зь людзьмі аблуднымі і з падступнымі не пайду;

я зьненавідзеў зборню зламысьнікаў, і зь бязбожнікамі ня сяду;

буду мець у нявіннасьці рукі мае і абыходзіць Твой ахвярнік, Госпадзе,

каб абвяшчаць Табе голасна славу і пра ўсе цуды Твае расказаць.

Госпадзе! палюбіў я жытло Твайго дома і месца, дзе слава Твая жыве.

Не загубі душы мае з грэшнікамі і жыцьця майго з крыважэрнымі,

у чыіх руках ліхадзейства, і чыя правіца поўная зьдзірства.

А я хаджу ў сваёй беззаганнасьці; вызвалі мяне, і ўмілажалься зь мяне.

Нага мая стаіць на роўным; на сходах праслаўлю Госпада.