Кніга Псальмаў, псальм 28

Псальма Давідава. Напрыканцы сьвята Кучак. Аддайце Госпаду, сыны Божыя, аддайце Госпаду славу і чту,

аддайце Госпаду славу імя Ягонага; пакланецеся Госпаду ў пышнай сьвятасьці Ягонай.

Голас Гасподні над водамі, Бог славы загрымеў, Гасподзь над вялікімі водамі.

Голас Гасподні моцны; голас Гасподні велічны.

Голас Гасподні ламае кедры; Гасподзь ламае кедры Ліванскія

і прымушае іх скакаць, як цялят, Ліван і Сірыён - як маладога аднарога.

Голас Гасподні выкрасае полымя вогненнае.

Голас Гасподні трасе пустыню; трасе Гасподзь пустыню Кадэс.

Голас Гасподні прымушае касуль каціцца, і агаляе лясы; і ў храме Ягоным абвяшчае пра славу Ягоную.

Гасподзь сядзеў над патопам, і сядзецьме Гасподзь царом вечна.

Гасподзь дасьць сілу народу Свайму; Гасподзь дабраславіць народ Свой мірам.