Кніга Псальмаў, псальм 34

Псальма Давідава.

Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне;

вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне;

агалі меч, і заступі дарогу тым, што гоняць мяне; скажы душы маёй: Я - ратунак твой!

Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю, хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду мне намышляе;

хай будуць яны, як пыл на ветры, і анёл Гасподні хай праганяе іх.

Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх,

бо яны бязь віны схавалі мне яму - сетку сваю; выкапалі яе на бязьвінную душу маю!

Хай спадзе на яго пагібель нянаджаная, і сетка ягоная, якую ён схаваў на мяне, хай яго самога і ўловіць; хай у яе і ўпадзе на пропадзь сваю.

А душа мая зарадуецца ў Госпадзе; усьцешыцца збавеньнем ад Яго.

Усе косткі мае скажуць: «Госпадзе! хто да Цябе падобны? Ты ратуеш слабога ад дужага, беднага і ўбогага ад зьдзірцы ягонага?»

Паўсталі на мяне сьведкі няправедныя: чаго я ня ведаю, - выпытваюць у мяне;

плацяць мне злом за дабро, сіроцтвам душы маёй.

А як былі хварэлі яны, я апранаўся ў вярэту, душу маю таміў пастом, і малітва мая вярталася ў нетру маю.

Я рабіў, быццам сябру, як брату майму; я хадзіў смутны, панурыўшы голаў, як бы аплакваючы маці.

А калі я спатыкаўся, яны радаваліся і зьбіраліся; зьбіраліся агуднікі супроць мяне, ня ведаю завошта, ганілі мяне, і не пераставалі;

з крывадушнымі пакепнікамі скрыгаталі на мяне зубамі сваімі.

Госпадзе! ці доўга будзеш глядзець на гэта? Адвядзі душу маю ад злачынстваў іхніх, ад ільвоў - самотную душу маю!

Я праслаўлю Цябе на сходзе вялікім, сярод процьмы народу ўсхвалю Цябе,

каб не збыткавалі зь мяне тыя, што ваявалі супроць мяне несправядліва, і не перамігваліся вачыма тыя, што ненавідзяць мяне бязьвіннага;

бо не за мір прамаўляюць яны, а супроць мірных на землях плятуць аблудныя намыслы;

разьзьяўляюць на мяне вусны свае; кажуць: «добра! добра! бачыла наша вока».

Ты бачыў, Госпадзе, не змаўчы; Госпадзе! не аддаляйся ад мяне.

Устань, прачніся на суд мой, на цяжбіну маю, Божа мой і Госпадзе мой!

Судзі мяне па праўдзе Тваёй, Госпадзе, Божа мой, і хай ня радуюцца яны празь мяне;

хай ня кажуць у сэрцы сваім: «добра! добра!, нам да душы!» Хай ня кажуць: «мы праглынулі яго».

Няхай пасаромяцца і паганьбуюцца ўсе, хто радуецца зь няшчасьця майго; хай убяруцца ў сорам і ганьбу, хто фанабэрыцца над мною.

Няхай радуюцца і весяляцца, хто маёй слушнасьці прагне, і няхай кажуць заўсёды: «хай праславіцца Гасподзь, Які зычыць міру рабу Свайму!»

І язык мой будзе абвяшчаць Тваю праўду і хвалу Табе дзень у дзень.