Кніга Псальмаў, псальм 44

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошан. Вучэньне. Сыноў Карэевых. Песьня каханьня.

Маё сэрца вылілася добрым словам; я кажу: песьня мая пра Цара; язык мой - пяро хуткага пісьма.

Ты прыгажэйшы за сыноў чалавечых; мілата з Тваіх вуснаў вылілася; таму дабраславіў Цябе Бог навечна.

Аперажыся мечам па паясьніцы Тваёй, Магутны, славаю Тваёю і хараством Тваім,

і ў гэтым уборы Тваім пасьпяшайся, сядзь на калясьніцу дзеля праўды і лагоды і справядлівасьці, і правіца Твая пакажа Табе дзівосныя дзеі.

Вострыя стрэлы Твае - народы ўпадуць прад Табою, - яны - у сэрцы ворагаў Царовых.

Трон Твой, Божа, навечна; жазло праўды - жазло царства Твайго.

Ты палюбіў праўду і зьненавідзеў бяспраўе, таму памазаў Цябе, Божа, Бог Твой алеем радасьці больш, чым саўдзельцаў Тваіх.

Усё адзеньне Тваё - як сьмірна і альяс і касія; з харомаў слановай косьці Цябе зьвесяляюць.

Дочкі царскія ў Цябе сярод ганаровых; стала царыца праваруч Цябе ў Афірскім золаце.

Слухай, дачка, і глядзі, і прыхілі тваё вуха, і забудзь народ твой і дом бацькі твайго.

І запрагне Цар прыгажосьці тваёй; бо Ён Гасподзь твой, і ты пакланіся Яму.

І дачка Тырская прыйдзе з дарункамі, і будуць прасіць цябе найбагацейшыя людзі.

Уся слава Царовай дачкі ўсярэдзіне; адзежа яе шытая золатам;

ва ўзорыстай адзежы вядуць яе да Цара; за ёю вядуць да Цябе дзяўчат, сябровак яе.

Прыводзяць іх з радасьцю і пацяшэньнем, уваходзяць у харомы Царовыя.

Замест бацькоў Тваіх будуць сыны Твае; Ты паставіш іх валадарамі на ўсёй зямлі.

Зраблю імя Тваё памятным ва ўсіх пакаленьнях; таму народы будуць славіць Цябе векавечна.