Кніга Псальмаў, псальм 53

Кіроўцу хору. На струнных. Вучэньне Давідава,

калі прыйшлі Зіфэі і сказалі Саўлу: «ці ня ў вас хаваецца Давід?»

Божа! імем Тваім уратуй мяне, і сілаю Тваёю судзі мяне.

Божа! пачуй малітву маю; уваж словам вуснаў маіх,

бо на мяне чужыя паўсталі, і дужыя шукаюць душы мае; яны ня маюць Бога перад сабою.

Вось, Бог мой памочнік; Гасподзь мацуе душу маю.

Ён за зло ворагаў маіх пакарае; ісьцінай Тваёю зьнішчыць іх.

Я рупліва ахвяру Табе прынясу, праслаўлю імя Тваё, Госпадзе, бо яно добрае,

бо Ты выбавіў мяне ад усіх нягодаў, і на воргаў глядзела вока маё.