Кніга Псальмаў, псальм 57

Кіроўцу хору. Не загубі. Залатая псальма Давідава.

Няўжо-такі праўду вы кажаце, судзьдзі, няўжо справядліва судзіце, сыны чалавечыя?

Пакідаеце крыўды на сэрцы, кладзяце на вагі злачынствы рук вашых на зямлі.

З нараджэньня свайго адступіліся вы, бязбожныя; ад улоньня маці сваёй заблудзіліся, кажучы ману.

Яд у іх - нібыта яд зьмяіны, як атрута гадзюкі глухое, што вушы свае затуляе

і ня чуе голасу заклінача, самага спраўнага ў заклёнах.

Божа! скрышы ім зубы ў іхніх вуснах; разьбі, Госпадзе, сківіцы львам!

Няхай зьнікнуць, як вада цякучая; калі напнуць стрэлы, хай яны паламаюцца.

Няхай счэзнуць, як сьлімак, які ў сьлізі сваёй распускаецца; няхай сонца ня бачаць, як скідзень у жанчыны.

Пакуль гаршкі вашы пачуюць распалены цёрн, - няхай вецер яго разьнясе, ці сьвежае, а ці спаленае!

А праведны ўсьцешыцца; помсту пабачыўшы, у крыві бязбожнага ступакі ён абмые!

І скажа чалавек: «Сапраўды ёсьць плод справядліваму! Сапраўды ёсьць Бог - судзьдзя на зямлі!»