Кніга Псальмаў, псальм 62

Псальма Давідава, калі ён быў у пустыні Юдэйскай.

Божа! Ты Бог мой, Цябе я шукаю ад золку; Цябе прагне душа мая, па Табе маё цела тужыць у зямлі пустой, высахлай і бязводнай,

каб бачыць сілу Тваю і славу Тваю, як бачыў Цябе ў сьвятыні:

бо ласка Твая лепшая за жыцьцё. Уславяць вусны мае Цябе.

Так дабраслаўлю Цябе ў жыцьці маім; у імя Тваё рукі мае падыму.

Як лоем і алеем душа мая насычаецца, і радасным голасам вусны мае Цябе славяць,

калі ўспамінаю Цябе я на ложку маім, думаю пра Цябе ў часіну начную,

бо Ты дапамога мая, і ў цяні крылаў Тваіх я парадуюся;

Душа мая да Цябе прыляпілася; правіца Твая трымае мяне.

А тыя, што шукаюць пагібелі душы маёй, сыдуць у апраметную зямлі;

паб'юць іх сілаю меча; стануць здабычаю лісаў;

а цар усьцешыцца ў Богу, будзе ўслаўлены кожны, хто Яму прысягае, бо замкнуцца вусны ў тых, што гавораць няпраўду.