Кніга Псальмаў, псальм 70

На Цябе, Госпадзе, спадзяюся; хай ня буду вавек пасаромлены.

Праўдай Тваёй мяне вызвалі і выбаві; прыхілі вуха Тваё да мяне, і ўратуй мяне.

Будзь мне трывалым прыстанішчам, куды я заўсёды мог бы схавацца; Ты наказаў уратаваць мяне, бо цьвярдыня мая і моцнасьць мая - Ты.

Божа мой! вызвалі мяне з рук бязбожніка, з рук бязбожніка і прыгнятальніка.

Бо Ты - надзея мая, Госпадзе Божа, спадзяваньне маё зь юнацтва майго.

На Цябе апіраўся я быў ад улоньня; Ты вывеў мяне з чэрава маці маёй; Табе хвала мая ня спыніцца.

Многім я стаўся нібыта дзівам; але Ты - цьвёрдая надзея мая.

Няхай вусны мае хвалою напоўняцца, каб я Табе славу сьпяваў, кожны дзень апяваў Тваю веліч.

Не адкідай мяне на час старасьці; як пачне мая сіла слабнуць, не пакінь мяне,

бо ворагі мае супраць мяне змаўляюцца, і тыя, што цікуюць душу маю, - ладзяць нарады,

кажучы: «Бог яго кінуў; даганеце і схапеце яго; бо няма таго, хто б яго ўратаваў».

Божа! не аддаляйся ад мяне; Божа мой! пасьпяшайся мне на дапамогу.

Хай пасаромяцца і зьнікнуць супастаты душы маёй; хай сорам і ганьба пакрые тых, што зычаць мне ліха!

А я заўсёды буду на Цябе спадзявацца і памнажаць Тваю славу.

Вусны мае абвяшчацьмуць праўду Тваю, кожны дзень Твае добрыя дзеі; бо я ня ведаю ліку ім.

Буду славіць усемагутнасьць Госпада Бога; згадаю праўду Тваю - адзіна Тваю.

Божа! Ты навучаў мяне зь дзён маёй маладосьці, і да сёньня дзівосы Твае я абвяшчаю.

І да старасьці, і да сівізны не пакінь мяне, Божа, пакуль не абвяшчу Тваю сілу гэтаму роду і ўсім будучым магутнасьць Тваю.

Праўда Твая, Божа, да найвышэйшых; вялікія дзеі ўчыніў Ты; Божа, хто падобны да Цябе?

Ты пасылаў на мяне многія і лютыя беды, але і зноў ажыўляў мяне і зь бездані зямлі зноў выводзіў мяне.

Ты ўзвышаў мяне і суцяшаў мяне, і зь бездані зямлі выводзіў мяне.

І я буду славіць Цябе на псалтыры, Тваю праўду, Божа мой; буду Цябе апяваць на арфе, Сьвяты Ізраілеў!

Радуюцца вусны мае, калі я сьпяваю Табе, і душа мая, якую Ты вызваліў;

і язык мой кожны дзень будзе абвяшчаць праўду Тваю, бо пасаромленыя, бо паганьбёныя тыя, што ліха шукаюць мне.