Кніга Псальмаў, псальм 75

Кіроўцу хору. На струнных. Псальма Асафава. Песьня.

Вядомы Бог у Юдэі; Ягонае імя вялікае ў Ізраіля.

І было ў Саліме селішча Ягонае, і жыў Ён - на Сіёне.

Ён там паламаў стрэлы лука, шчыт і меч і вайну.

Ты слаўны, магутнейшы за дзікія горы.

Моцныя сэрцам здабычаю сталі, заснулі сном сваім, і не знайшлі ўсе мужчыны сілы ў руках сваіх.

Ад клічу Твайго, Божа Якаваў, задрамалі і калясьніца і конь.

Ты грозны, і хто ўстоіць прад абліччам Тваім у час гневу Твайго?

Зь нябёсаў Ты суд абвясьціў: зямля забаялася і замоўкла,

калі паўстаў Бог на суд, каб выратаваць усіх прыгнечаных на зямлі.

І гнеў чалавечы абярнуўся на славу Табе, рэшту гневу Ты ўтаймуеш.

Рабеце і давайце зарокі Госпаду, Богу вашаму; усе, хто вакол Яго, хай прынясуць дарункі Страшнаму.

Ён таймуе дух валадароў, Ён страшны царам зямным.