Кніга Псальмаў, псальм 76

Кіроўцу хору Ідутумавага. Псальма Асафава.

Голас мой да Бога, і я буду клікаць; голас мой да Бога, і Ён пачуе мяне.

У дзень скрухі маёй шукаю Госпада; рука мая працягнута ўначы, і не апускаецца; душа мая ня хоча суцешанай быць.

Пра Бога згадваю, і дрыжу; разважаю, і зьнемагае мой дух.

Ты не даеш мне вачэй маіх зьмежыць; я ашаломлены, і не магу гаварыць.

Разважаю пра даўнія дні, пра гады пракаветныя;

узгадваю песьні мае начныя, гутару з сэрцам маім, і выпрабоўвае дух мой:

няўжо назаўсёды адкінуў, Гасподзь, і ня будзе больш дабраволіць?

няўжо назаўсёды міласьць Яго перастала быць, і спынілася слова Ягонае з роду ў род?

няўжо Бог забыўся мілаваць? няўжо ў гневе спыніў шчадроты Свае?

І сказаў я: вось гора маё - перамена правіцы Ўсявышняга.

Буду ўспамінаць пра дзеі Гасподнія! буду ўспамінаць пра даўнія цуды Твае.

Буду ў кожны Твой чын заглыбляцца, разважаць пра вялікія дзеі Твае.

Божа! сьвятая дарога Твая. Які Бог такі вялікі, як Бог наш!

Ты - Бог, Які творыць цуды; Ты паказаў магутнасьць Сваю сярод народаў;

Ты вызваліў народ Твой рукою сыноў Якава і Язэпа.

Бачылі Цябе, Божа, воды, бачылі Цябе воды, і напалохаліся, і скалануліся бездані.

Аблокі вылівалі воды, хмары аддавалі гром, і лёталі стрэлы Твае.

Голас грому Твайго ў коле нябесным; маланкі асьвятлялі сьвет; зямля трэслася і скаланалася.

Шлях Твой у моры, і сьцежка Твая ў водах вялікіх, і сьляды Твае невядомыя.

Як статак, вёў Ты народ Твой рукою Майсея і Аарона.