Кніга Псальмаў, псальм 77

Вучэньне Асафава.

Слухай, народзе мой, закону майго, прыхілеце вуха вашае да словаў з вуснаў маіх.

Разамкну мае вусны ў прытчы і вымаўлю старадаўнія прыпавесьці.

Што чулі мы і даведаліся і бацькі нашы нам пераказалі,

не схаваем ад дзяцей іхніх, і абвесьцім роду будучаму славу Госпада, і сілу Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён утварыў.

Ён устанавіў засьведчаньне ў Якаве і паклаў закон у Ізраілі, які наказаў бацькам нашым абвяшчаць дзецям іхнім,

каб ведаў будучы род, дзеці, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвяшчалі дзецям сваім,

класьці на Бога надзею сваю, і не забываць дзеяў Божых, і захоўваць наказы Ягоныя,

і ня быць падобным да бацькоў іхніх, роду ўпарцістага і мяцежнага, сэрцам неўладкаванага і нявернага Богу духам сваім.

Сыны Яфрэмавыя, узброеныя, лучнікі, павярнулі назад у дзень бітвы:

яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць у законе Ягоным:

забылі дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён нам паказаў.

Ён перад вачыма бацькоў іхніх тварыў цуды ў зямлі Егіпецкай, на полі Цаан.

Падзяліў мора і правёў іх празь яго, і паставіў воды сьцяною;

і ўдзень вёў іх вобмацкам, а ўначы сьвятлом вагню;

расьсек камень у пустыні, і напаіў іх, як зь вялікае бездані;

са скалы вывеў патокі, і пацяклі воды, як рэкі.

Але яны ўсё грашылі прад Ім і раздражнялі Ўсявышнага ў пустыні:

спакушалі Бога ў сэрцы сваім, патрабавалі ежы па душы сваёй,

і казалі супраць Бога, і сказалі: «ці можа Бог згатаваць трапезу ў пустыні?»

Вось, Ён ударыў па камені, і пацяклі воды, і паліліся ручаіны. «Ці можа Ён даць і хлеб, ці можа гатаваць мяса народу Свайму?»

Гасподзь пачуў, і ўспалымніўся гневам, і вагонь загарэўся на Якава, і гнеў падняўся супроць Ізраіля,

за тое, што ня верылі ў Бога і не спадзяваліся на ратваньне Ягонае.

Ён загадаў аблокам угары, і адчыніў дзьверы неба,

і пусьціў, быццам дождж, на іх манну ў ежу, і хлеб нябесны ім даў.

Хлеб анёльскі еў чалавек, паслаў Ён ім ежы ўдосыць.

Ён падняў на небе вецер усходні, і навёў паўднёвы сілаю Сваёю

і, як пыл, паслаў на іх мяса дажджом, і, як пясок марскі, птушак крылатых;

і кінуў іх сярод табара іхняга, каля жытлішчаў іхніх,

і яны елі і наеліся; і даў ім, чаго яны зажадалі.

Але яшчэ не прайшло хаценьне іхняе, яшчэ ежа была ў вуснах у іх,

гнеў Божы прыйшоў на іх, забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраілевых паваліў.

Пры ўсім гэтым яны ўсё ж грашылі далей, і ня верылі ў цуды Ягоныя.

І загубіў дні іхнія ў марнасьці і гады іхнія ў страху.

Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і з раніцы шукалі Бога,

і прыгадвалі, што Бог - іхняе прыстанішча і Бог Усявышні - Збаўца іхні,

і вуснамі сваімі лісьлівілі Яму, і языком сваім хлусілі прад Ім;

а сэрца іхняе нямоцна стаяла прад Ім, і ня былі яны верныя запавету Ягонаму.

Але Ён, Міласэрны, дараваў грэх і ня зьнішчаў іх; шматкроць адводзіў гнеў Свой і ня ятрыў лютасьці Сваёй.

Ён памятаў, што яны - цялесныя, дыханьне, якое выходзіць і ня вяртаецца.

Колькі разоў яны раздражнялі Яго ў пустыні і гневалі Яго ў краі неабжытым!

І зноў спакушалі Бога, і зьневажалі Сьвятога Ізраілевага,

не памяталі рукі Ягонай, дня, калі выбавіў іх ад прыгнёту,

калі аказаў у Егіпце азнакі Свае і цуды Свае на полі Цаан,

і ператварыў рэкі іхнія і патокі іхнія ў кроў, каб яны піць не маглі;

паслаў на іх заедзь, каб джаліла іх, і жаб, каб губілі іх;

парасьліну зямную іхнюю аддаў вусеням і працу іхнюю - саранчы;

вінаград іхні пабіў градам і шаўкоўніцы іхнія аддаў сьцюжы;

быдла іхняе аддаў граду і статкі іхнія - маланкам;

паслаў на іх полымя гневу Свайго, і абурэньне, і лютасьць і беды, пасольства ліхіх анёлаў;

Ён дарогу выпрастаў гневу Свайму, не ахоўваў іхніх душаў ад сьмерці, і быдла іхняе аддаў пошасьці;

пабіў кожнага першынца ў Егіпце, пачаткі сілаў у намётах Хамавых;

і павёў народ Свой, як авечак, пустыняю;

вёў іх бясьпечна, і яны не баяліся, а ворагаў іхніх пакрыла мора;

і прывёў іх у зямлю сьвятую Сваю, на гару гэтую, якую правіца Ягоная набыла.

Прагнаў ад аблічча іхняга народы, і зямлю іхнюю разьдзяліў у спадчыну ім, і плямёны Ізраілевыя пасяліў у намётах іхніх.

Але яны яшчэ спакушалі і засмучалі Бога Ўсявышняга, і пастановаў Ягоных ня трымаліся;

адступалі і здраджвалі, як бацькі іхнія; вярталіся назад, як падманлівы лук;

засмучалі Яго курганамі сваімі, ды ідаламі сваімі абуджалі зайздрасьць Ягоную.

Пачуў Бог, і ўспалымніўся гневам, і моцна абурыўся супроць Ізраіля;

пакінуў селішча ў Сіломе, скінію, у якой жыў Ён сярод людзей;

і аддаў у няволю Ён моцнасьць Сваю і славу Сваю ў рукі ворага;

і аддаў Ён мечу народ Свой, і прагневаўся на спадчыну Сваю.

Хлопцаў ягоных пажыраў вагонь, і дзяўчатам ягоным не сьпявалі шлюбных песьняў;

сьвятары ягоныя падалі ад меча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

Але быццам ад сну, абудзіўся Гасподзь, быццам волат, віном пераможаны,

і ўдарыў ворагам ягоным у тыл, і пасароміў іх навекі,

і адкінуў палатку Язэпаву, і роду Яфрэмавага не абраў,

а выбраў калена Юдава, гару Сіён, якую палюбіў,

і зладзіў, як неба, сьвятыню Сваю, і, як зямлю, угрунтаваў яе навечна,

і выбраў Давіда, раба Свайго, і ўзяў яго ад кашараў,

і ад даяроў прывёў яго пасьвіць народ свой, Якаваў, і спадчыну Сваю - Ізраіля.

І ён пасьвіў іх у чысьціні сэрца свайго, і рукамі мудрымі вадзіў іх.