Кніга Псальмаў, псальм 79

Кіроўцу хору. На музычным інструмэньце Шошанім-Эдуф. Псальма Асафава.

Пастыр Ізраілеў! паслухай; Ты, што водзіш, як авечак, Язэпа, і сядзіш на хэрувімах, акажы Сябе.

Перад Яфрэмам і Веньямінам і Манасіем абудзі сілу Тваю і прыйдзі выратаваць нас.

Божа! навярні нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

Госпадзе, Божа сіл! дакуль будзеш гнеўны да малітваў народу Твайго?

Ты накарміў іх хлебам сьлёзным, і напаіў іх сьлязьмі, у вялікай меры,

паклаў нас супярэчкаю нашым суседзям, і ворагі нашыя зьдзекуюцца.

Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся!

Зь Егіпта перанёс Ты лазу вінаградную, выгнаў народы, і пасадзіў яе;

ачысьціў пад яе месца, і ўгрунтаваў карэньне яе, і яна напоўніла замлю.

Горы накрыліся ценем яе, і гольле яе нібы кедры Божыя:

яна пусьціла гольле сваё да мора і пасынкі свае да ракі.

Навошта разбурыў Ты агароджу яе, так што скубуць яе ўсе, хто ідзе па дарозе?

Лясны вепр яе падкопвае, і зьвер польны яе аб'ядае.

Божа сіл! азірніся, паглядзі зь неба і ўбач, і наведай вінаграднік гэты;

ахавай тое, што пасадзіла правіца Твая, і пасынкі, якія Ты Сабе ўмацаваў.

Яно спалена вагнём, абсечана; хай ад зьзяньня аблічча Твайго загінуць,

хай будзе рука Твая над мужам правіцы Тваёй, над сынам чалавечым, якога Ты ўмацаваў Сабе,

і мы ад Цябе не адступімся; ажыві нас, і мы будзем імя Тваё заклікаць.

Госпадзе, Божа сіл! узнаві нас; няхай зазьзяе аблічча Тваё, і ўратуемся.