Кніга Псальмаў, псальм 8

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Псальма Давідава.

Госпадзе Божа наш! якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі! Слава Твая па-над нябёсы!

З вуснаў дзяцей і немаўлятак Ты зладзіў хвалу, дзеля ворагаў Тваіх, каб зьнямовіць мсьціўцу і ворага.

Калі я гляджу на нябёсы Твае, - твор Тваіх рук, на месяц і зоркі, якія Ты паставіў,

дык што ёсьць чалавек, якога Ты памятаеш, і сын чалавечы, якога наведваеш Ты?

Нядужа Ты зьменшыў яго перад анёламі: славаю, гонарам увянчаў яго;

паставіў яго ўладаром над творамі рук Тваіх; пад ногі паклаў яму ўсё:

валоў і авечак усіх, і польных зьвяроў гэтак сама,

птушак нябесных і рыбін марскіх, усё, што праходзіць марскімі шляхамі.

Госпадзе Божа наш! Якое велічнае імя Тваё па ўсёй зямлі!