Кніга Псальмаў, псальм 83

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Сыноў Карэевых. Псальма.

Якія жаданыя селішчы Твае, Госпадзе сіл!

Душа мая стужылася, прагнучы ў двары Гасподнія; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога.

І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл, Цару мой і Божа мой!

Дабрашчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе.

Дабрашчасны чалавек, сіла Якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе.

Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем;

прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сіёне

Госпадзе, Божа сіл! Пачуй малітву маю, уважы, Божа Якаваў!

Божа, абаронца наш! Прынікні і дагледзь аблічча памазанца Твайго.

Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы.

Бо Гасподзь Бог ёсьць сонца і шчыт, Гасподзь дае мілату і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць.

Госпадзе сіл! Дабрашчасны той чалавек, які на Цябе спадзяецца!