Кніга Псальмаў, псальм 91

Псальма. Песьня на дзень суботні.

Дабро ёсьць - славіць Госпада і сьпяваць імю Твайму, Усявышні,

абвяшчаць раніцай ласку Тваю і праўду Тваю ўначы,

на дзесяціструнным і на псалтыры, зь песьняю на арфе.

Бо Ты ўсьцешыў мяне, Госпадзе, тварэньнем Тваім; я захапляюся дзеямі рук Тваіх.

Якія вялікія дзеі Твае, Госпадзе! дзівосна глыбокія помыслы Твае:

Чалавек няцямны ня ведае, і недавумак не разумее таго.

Тым часам як бязбожныя растуць, бы трава, і ліхадзеі квітнеюць, каб зьнікнуць навечна, -

Ты, Госпадзе, высокі векавечна!

Бо вось, ворагі Твае, Госпадзе, - вось, ворагі Твае гінуць, і рассыпаюцца ўсе ліхадзеі;

а мой рог Ты падымаеш, як рог аднарога, і я ўмашчаны сьвежым алеем;

і вока маё глядзіць на ворагаў маіх, і вушы мае чуюць пра паўсталых на мяне злыдняў.

Праведнік цьвіце, як пальма, узвышаецца, быццам кедр на Ліване.

Пасаджаныя ў доме Гасподнім, яны цьвітуць на падворках Бога нашага;

яны і ў старасьці пладаносныя, сакавітыя і сьвежыя,

каб абвяшчаць, што Гасподзь справядлівы, цьвярдыня мая, і няма ў Ім няпраўды.