Откровение ап. Иоанна (Апокалипсис), глава 12

Адкр 12І зьявілася на небе вялікая азнака - жанчына, адзетая ў сонца; пад нагамі ў яе месяц, і на галаве ў яе вянок з дванаццаці зорак.Яна мела ва ўлоньні і крычала ад болю і родавых пакутаў.І другая азнака зьявілася на небе: вось, вялікі чырвоны цмок зь сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі, і на галовах у яго сем дыядэм;хвост ягоны звалок зь неба траціну зорак і кінуў іх на зямлю. Цмок гэты стаў перад жанчынаю, якая мелася радзіць, каб, калі яна народзіць, зжэрці яе дзіця.І нарадзіла яна дзіця мужчынскага полу, якому належыць пасьвіць усе народы жазлом жалезным; і ўзята было дзіця да Бога і да трона Ягонага.А жанчына ўцякла ў пустыню, дзе прыгатавана было ёй месца ад Бога, каб кармілі яе там тысячу дзьвесьце шасьцьдзясят дзён.І адбылася на небе вайна: Міхаіл і анёлы ягоныя ваявалі супроць цмока, і цмок і анёлы ягоныя ваявалі супроць іх,але ня ўстоялі, і не знайшлося ўжо ім месца на небе.І скінуты быў вялікі цмок, старавечны зьмей, называны д'яблам і сатаною, змусьціцель усяго сьвету, скінуты на зямлю, і анёлы ягоныя скінуты зь ім.І пачуў я гучны голас, які гаварыў на небе: цяпер настала збавеньне і сіла і царства Бога нашага і ўлада Хрыста Ягонага, бо скінуты паклёпнік братоў нашых, які паклёпнічаў на іх перад Богам нашым дзень і ноч;яны перамаглі яго крывёю Ягняці і словам сьведчаньня свайго і не палюбілі душаў сваіх нават да сьмерці.Дык вось, весялецеся, нябёсы і насельнікі іх! Гора тым, што жывуць на зямлі і ў моры, бо да вас сышоў д'ябал у вялікай лютасьці, ведаючы, што ня многа яму застаецца часу!А калі цмок убачыў, што скінуты на зямлю, пачаў прасьледаваць жанчыну, якая нарадзіла дзіця мужчынскага полу.І дадзены былі жанчыне два крылы вялікага арла, каб яна ляцела ў пустыню ў месца сваё ад аблічча зьмея і там кармілася час, часы і паўчасу.І пусьціў зьмей з пашчы сваёй усьлед жанчыне ваду як раку, каб паглынуць яе ракою.Але зямля памагла жанчыне, і адкрыла зямля вусны свае і паглынула раку, якую пусьціў цмок з пашчы сваёй.І раз'яюшыўся цмок на жанчыну і пайшоў, каб уступіць у бойку з астатнімі ад насеньня яе, якія захоўваюць запаведзі Божыя і маюць сьведчаньне Ісуса Хрыста.