Пасланьне да Рымлянаў, разьдзел 13

Кожная душа няхай скараецца вышэйшым уладам; бо няма ўлады не ад Бога; а ўлады, якія існуюць, ад Бога ўстаноўлены.

Таму той, хто супрацівіцца ўладзе, супрацівіцца Божаму пастанаўленьню; а тыя, што супрацівяцца, самі наклічуць на сябе асуду.

Бо начальнікі страшныя не для добрых дзеяў, а для ліхіх. Ці хочаш не баяцца ўлады? Рабі дабро, і дастанеш пахвалы ад яе;

бо начальнік ёсьць Божы слуга, табе на дабро. А калі робіш зло, бойся, бо ён нездарма трымае меч: ён - Божы слуга, які помсьціць і карае таго, хто ўчыняе ліхое.

І таму трэба скарацца ня толькі з страху перад карай, але і з сумленьня.

На тое вы і падаткі плаціце; бо яны Божыя слугі, за гэтым пільна дасочваюць.

Дык вось, аддавайце кожнаму належнае; каму падатак, падатак; каму мыта, мыту; каму страх, страх; каму гонар, гонар.

Не заставайцеся запазычанцамі нікому ні ў чым, акрамя ўзаемнай любові; бо хто любіць другога, выканаў закон.

Бо запаведзі: не распусьнічай, не забівай, ня крадзь, ня сьведчы ілжыва, не зажадай чужога, і ўсе іншыя ляжаць у гэтым слове: любі блізкага твайго, як самога сябе.

Любоў ня робіць блізкаму зла; дык вось любоў ёсьць выкананьне закона.

Так рабеце, ведаючы час, што пара ўжо нам прачнуцца ад сну. Бо сёньня бліжэй да нас выратаваньне, чым тады, калі мы ўверавалі.

Ноч прайшла, а дзень наблізіўся: дык вось, адкінем дзеі цямна і апранемся ў зброю сьвятла.

Як удзень, будзем паводзіць сябе прыстойна: ні ў аб'ядзеньні і п'янстве, ні ў распусьце і блудзе, ні ў свары і зайздрасьці;

але апранецеся ў Госпада (нашага) Ісуса Хрыста, і клопат пра цела не ператварайце ў пахаценьні.