Найвышэйшая песьня Саламонава, разьдзел 2

Я - раўнінны нарцыс Саронскі, я - лілея з даліны!

Як лілея сярод бадзякоў - каханая сярод сябровак!

Як яблыня сярод лясных дрэў - каханы мой сярод хлопцаў. У шатах яе люблю я сядзець, і плады зь яе рот мне салодзяць.

Увёў ён мяне ў дом піру, нада мной яго сьцяг - каханьне!

Падмацуйце мяне віном, яблыкамі асьвяжэце мяне, бо я зьнемагла ад каханьня.

Яго левая - пад маёй галавою, а правай рукою мяне абдымае.

Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі, сарнамі ці палявымі ланямі: ня будзеце і ня турбуйце каханай, пакуль не прачнецца сама!

Голас каханага майго! вось, ён ідзе, скача па горах, перабягае па ўзгорках, -

мілы падобны да сарны, да маладога аленя. Вось, ён стаіць у нас за сьцяною, заглядваючы ў акно, мільгаціць за рашоткай.

Каханы мой загаварыў да мяне: устань, мая любасная, мая гожая, выйдзі!

Вось, і зіма адышла; дождж перастаў, мінуўся;

кветкамі зацьвітае зямля, час песьняў птушыных настаў, і горлінка ў нашым краі засьпявала,

налівае смакоўніца пупышкі, вінаградныя лозы пахнуць у квецені. Устань, мая любасная, мая гожая выйдзі!

Горлінка ў горнай цясьніне, пад паветкаю скалаў! Пакажы мне свой тварык, дай мне пачуць твой галасок; бо твой голас - салодкі, бо мне тварык твой вабны!

Лавіце нам лісянятак і лісак лавіце, што мне вінаграднік марнуюць; а вінаграднікі ж нашыя ў цьвеце!

Каханы аддадзены мне, я - яму; ён пасьвіць сярод лілеяў.

Пакуль не астыў яшчэ дзень, не паслаліся цені, пасьпяшайся назад, як сарна, мой мілы, ці як алень малады на вышынях Бэтэр.