Найвышэйшая песьня Саламонава, разьдзел 7

Азірніся назад, Шуламянка, азірніся назад - дай сябе ўбачыць! Што вам дзівіцца на Шуламянку, як на карагод Манаімскі?

Якія прыгожыя ногі твае ў сандалях, дачка знакамітая! Выгін клубоў тваіх, як абруч, што майстар зрабіў;

твой пупок - нібы круглая чара па беражок з пахучым віном; твой жывот - гэта горка пшаніцы сярод лілеяў чароўных;

твае грудзі - два казьляняткі, блізьняткі сарны;

твая шыя - вежа з слановае косьці; твае вочы - Эсэвонскія сажалкі каля брамы Бат-рабім; твой нос - як Ліванская вежа на дазоры насупраць Дамаска;

твая галава - як гара Карміл, і пасмачкі валасоў - як пурпура; цар паланёны кучарамі тваімі.

Якая прыгожая ты, якая панадная, каханка, тваёю вабнасьцю!

Гэты стан твой падобны да пальмы, і грудзі - да вінаградных гронак.

Я падумаў: залезу на пальму, я ўхаплюся за вецьце яе - хай будуць грудзі твае замест гронак лазы, і дыханьне тваё будзе - як яблыкі;

і вусны твае - як віно залатое! Цячэ яно ў рот каханаму, асалоджвае вусны стомленым.

Належу я міламу другу, і мяне ён жадае.

Прыйдзі, любасны, выйдзем у поле, пабудзем у вёсках;

выйдзем раніцай у вінаграднікі, падзівімся, як лаза зелянее, як пупышкі покнуліся, як зацьвілі гранаты; там я цябе прыгалублю.

Мандрагоры пахнуць духмяна, ля варот нашых многа пладоў: сёлетніх і даўнейшых назапасіла я табе, каханы.