Кніга прарока Захарыі, разьдзел 6

І зноў узьвёў я вочы мае, і бачу: вось, чатыры калясьніцы выходзяць зь цясьніны паміж дзьвюма горамі; і горы тыя былі - горы медныя.

У першай калясьніцы коні рыжыя, а ў другой калясьніцы коні вараныя;

у трэцяй калясьніцы коні белыя, а ў чацьвёртай калясьніцы коні пярэстыя, дужыя.

І пачаўшы прамову, я сказаў анёлу, які гаварыў са мною: што гэта, спадару мой?

І адказваў анёл і сказаў мне: гэта выходзяць чатыры духі нябесныя, якія стаяць перад Госпадам усёй зямлі.

Вараныя коні выходзяць там да краіны паўночнай; і белыя ідуць за імі, а пярэстыя ідуць да краіны паўднёвай.

І дужыя выйшлі і памкнуліся ісьці, каб прайсьці зямлю; і ён сказаў: ідзеце, прайдзеце зямлю, - і яны прайшлі зямлю.

Тады паклікаў ён мяне і сказаў мне так: глядзі, тыя, што выйшлі ў краіну паўночную, супакоілі дух Мой на зямлі паўночнай.

І было слова Гасподняе да мяне:

вазьмі ў тых, што прыйшлі з палону, у Хэлдая, у Товія і ў Едая, і ідзі ў той самы дзень, пайдзі ў дом Ісаі, сына Сафаніевага, куды яны прыйшлі з Вавілона,

вазьмі ў іх срэбра і золата і зрабі вянкі, і ўскладзі на галаву Ісусу, сыну Ясэдэкаваму, іярэю вялікаму,

і скажы яму: так кажа Гасподзь Саваоф: вось Муж, - імя яму ПАРАСТАК, Ён вырасьце са свайго кораня і створыць храм Гасподні.

Ён створыць храм Гасподні і прыме славу, і сядзе і будзе валадарнічаць на троне Сваім; будзе і сьвятаром на троне Сваім, і рада міру будзе паміж тым і другім.

А вянкі тыя будуць Хэлему і Товію, Едаю і Хэну, сыну Сафаніеваму, на памяць у храме Гасподнім.

І здалёку прыйдуць і прымуць удзел у пабудове храма Гасподняга, і вы ўведаеце, што Гасподзь Саваоф паслаў мяне да вас, і гэта будзе, калі вы дбайна будзеце слухацца голасу Госпада Бога вашага.