Першае пасланьне да Карынфянаў, разьдзел 11

Станьцеся пераймальнікамі маімі, як і я — Хрыста. Хвалю вас, браты, што вы ўсё маё памятаеце і трымаецеся традыцыі так, як я перадаў вам. Хачу, каб вы ведалі, што ўсякаму мужу галава Хрыстос, а галава жонцы — муж, а галава Хрысту — Бог. Усякі муж, які моліцца або прарочыць з накрытаю галавою, сароміць сваю галаву. А ўсякая жанчына, якая моліцца або прарочыць з ненакрытаю галавою, сароміць сваю галаву, бо гэта тое самае, быццам яна паголеная. Бо, калі жанчына не накрывае галавы, няхай стрыжэцца; а калі жанчыне сорамна стрыгчыся ці галіцца, няхай накрывае галаву. Бо муж не павінен накрываць галаву, бо ён — вобраз і слава Бога; а жонка ёсьць слава мужа. Бо ня муж ад жонкі, але жонка ад мужа. І ня муж створаны праз жонку, але жонка праз мужа. Дзеля гэтага жонка павінна мець на галаве [знак] улады дзеля анёлаў. Зрэшты, ані муж бяз жонкі, ані жонка бяз мужа, у Госпадзе. Бо як жонка ад мужа, так і муж праз жонку, а ўсе — ад Бога. Судзіце самі ў сабе, ці належыць жанчыне з ненакрытай галавою маліцца Богу? Ці сама прырода ня вучыць вас, што калі мужчына расьціць валасы, гэта ганьба для яго, а калі жанчына расьціць валасы, гэта слава для яе, бо валасы дадзеныя ёй замест адзеньня. А калі хто думае спрачацца, мы ня маем гэткага звычаю, ані цэрквы Божыя. А загадваючы гэтае, не хвалю вас, бо вы зыходзіцеся не на лепшае, але на горшае. Бо, па-першае, чую, што калі вы зыходзіцеся ў царкве, між вамі ёсьць падзел, і я часткова веру, бо мусяць быць між вамі і герэзіі, каб вартыя выявіліся між вамі. Далей, калі вы зыходзіцеся разам, няма [ў вас] спажываньня вячэры Госпадавай, бо кожны сьпяшаецца зьесьці ўласную вячэру, і адзін [застаецца] галодным, а другі ўпіваецца. Хіба вы дамоў ня маеце, каб есьці і піць? Або пагарджаеце царквою Божаю і сароміце тых, якія ня маюць? Што скажу вам? Ці пахвалю вас за гэтае? Не пахвалю. Бо я ад Госпада прыняў і тое вам перадаў, што Госпад Ісус у тую ноч, калі быў выдадзены, узяў хлеб і, падзякаваўшы, паламаў і сказаў: «Вазьміце, ешце, гэта ёсьць Цела Маё, якое за вас ломіцца. Рабіце гэта на ўспамін пра Мяне». Таксама і келіх пасьля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсьць Новы Запавет у Крыві Маёй. Гэта рабіце, калі будзеце піць, на ўспамін пра Мяне». Бо кожны раз, калі вы ясьцё хлеб гэты і п’іцё келіх гэты, сьмерць Госпада абвяшчаеце, аж пакуль Ён прыйдзе. Так што хто есьць хлеб гэты ці п’е келіх Госпадавы нягодна, вінны будзе Цела і Крыві Госпадавай. Няхай жа выпрабоўвае сябе чалавек і гэтак няхай есьць з хлеба гэтага і п’е з келіха гэтага. Бо хто есьць і п’е нягодна, той есьць і п’е прысуд сабе, не зважаючы на Цела Госпадава. Дзеля гэтага сярод вас шмат слабых і хворых, і даволі памірае. Бо калі мы зважаем на саміх сябе, ня будзем суджанымі. А калі мы суджаныя, Госпад карае нас, каб не былі мы асуджаныя разам са сьветам. Так што, браты мае, зыходзячыся на вячэру, адзін на аднаго чакайце. А калі хто галодны, няхай есьць дома, каб зьбірацца вам не на асуджэньне. А пра ўсё пазасталае загадаю, калі прыйду.