Першае пасланьне да Фесалонікійцаў, разьдзел 2

Вы самі ведаеце, браты, пра наш уваход да вас, што ён быў не дарэмны; але, раней нацярпеўшыся і будучы зьняважанымі, як вы ведаеце, у Філіпах, мы адважыліся ў Богу нашым гаварыць вам Эвангельле Божае з вялікім змаганьнем. Бо пацяшэньне нашае ані з падману, ані з нячыстасьці, ані з хітраваньня, але, як мы былі выпрабаваныя Богам, каб даверыць [нам] Эвангельле, так і гаворым, не каб людзям падабацца, але Богу, Які выпрабоўвае сэрцы нашыя. Бо ніколі не было ў нас словаў лісьлівых, як ведаеце, ані думак хцівых: Бог — сьведка! Не шукалі мы славы ад людзей: ані ад вас, ані ад іншых, хоць маглі быць у паважаньні, як Хрыстовыя апосталы, але былі мы лагодныя сярод вас, як карміцелька клапоціцца пра дзетак сваіх. Гэтак мы, рупячыся пра вас, пажадалі перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, бо вы сталіся нам любымі. Вы памятаеце, браты, працу нашую і стому: уначы і ўдзень працуючы, каб ня быць цяжарам каму з вас, мы абвяшчалі вам Эвангельле Божае. Сьведкі вы і Бог, як сьвята, праведна і беззаганна былі мы сярод вас, якія паверылі. Бо вы ведаеце, як мы кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх, прасілі, і пацяшалі, і сьведчылі, каб вы хадзілі дастойна Бога, Які паклікаў вас у Сваё Валадарства і славу. Дзеля гэтага і мы несупынна дзякуем Богу, што вы, прыняўшы пачутае ад нас слова Божае, прынялі яго не як слова чалавечае, але як яно ёсьць у сапраўднасьці, як слова Божае, што дзейнічае ў вас, якія паверылі. Вы сталіся, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі, у Хрысьце Ісусе, бо і вы гэтаксама нацярпеліся ад зямлякоў сваіх, як і тыя ад Юдэяў, якія і Госпада Ісуса забілі, і сваіх прарокаў, і нас павыганялі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям супрацівяцца, забараняюць нам прамаўляць да паганаў, каб тыя былі збаўленыя, і гэтак дапаўняюць грахі свае заўсёды; але дасягнуў да іх гнеў да канца. Мы ж, браты, асірочаныя вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, моцна намагаліся з вялікім жаданьнем убачыць аблічча вашае, Дзеля гэтага хацелі мы прыйсьці да вас, — асабліва я, Павал, — і раз, і два, але перашкодзіў нам шатан. Бо якая нашая надзея, ці радасьць, ці вянок пахвалы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Ісусам Хрыстом у прыйсьце Яго? Бо вы — слава нашая і радасьць.