Другое пасланьне Пятра, разьдзел 3

Гэта ўжо другое пасланьне пішу да вас, улюбёныя, у якім нагадваньнем пабуджаю чыстае разуменьне вашае, каб вы ўзгадалі словы, раней сказаныя сьвятымі прарокамі, і прыказаньне Госпада і Збаўцы, [перададзенае] апосталамі нашымі, разумеючы спачатку, што ў апошнія дні прыйдуць лаяльнікі, якія ходзяць паводле сваіх уласных пажаданьняў, і кажуць: «Дзе абяцаньне прыйсьця Ягонага? Бо ад [часу], як сталі паміраць бацькі, усё гэтак застаецца ад пачатку стварэньня». Бо ад тых, якія хочуць гэтак [думаць], утоена, што нябёсы былі здаўна, і зямля з вады і праз ваду паўстала праз Слова Божае. Дзеля гэтага тагачасны сьвет загінуў, затоплены вадою, а цяперашнія неба і зямля, якія Ягонае слова ўтрымлівае, захоўваюцца для агню на дзень суду і загубы людзей бязбожных. І тое ня можа быць утоена ад вас, улюбёныя, што ў Госпада адзін дзень — як тысяча гадоў, і тысяча гадоў — як адзін дзень. Не марудзіць Госпад з абяцаньнем, як гэта некаторыя за маруднасьць уважаюць, але Ён доўгацярплівы да нас, не жадаючы некага загубіць, але каб усіх прывесьці да навяртаньня. Прыйдзе ж дзень Госпадаў, як злодзей уначы, і тады нябёсы з вялікім шумам прамінуць, а распаленыя стыхіі будуць разбурацца, і зямля, і справы, што на ёй, будуць спаленыя. Калі так усё гэтае разбурыцца, якімі мусіце быць у сьвятым ладзе жыцьця і пабожнасьці вы, якія чакаеце і сьпяшаецеся [бачыць] прыйсьце дня Божага, калі нябёсы, палымнеючы, разбурацца, і распаленыя стыхіі растопяцца? А мы, паводле Ягонага абяцаньня, чакаем новага неба і новае зямлі, на якіх праведнасьць жыве. Дзеля гэтага, улюбёныя, чакаючы гэтага, намагайцеся, каб Ён знайшоў вас у супакоі, неапаганенымі і беззаганнымі. І доўгацярплівасьць Госпада нашага ўважайце за збаўленьне, як і ўлюбёны брат наш Павал, паводле дадзенай яму мудрасьці, напісаў вам, як ён кажа пра гэта ў-ва ўсіх пасланьнях, у якіх ёсьць нешта складанае да разуменьня, што невукі і неўгрунтаваныя на ўласную сваю загубу перакручваюць, як і іншыя Пісаньні. Дык вы, улюбёныя, ведаючы [гэта] раней, сьцеражыцеся, каб, захапіўшыся падманам беззаконьнікаў, вы не адпалі ад свайго ўмацаваньня, і ўзрастайце ў ласцы і веданьні Госпада нашага і Збаўцы Ісуса Хрыста. Яму слава і цяпер, і ў дзень вечны. Амэн.