Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 21

Калі ж мы, пакінуўшы іх, паплылі, ідучы наўпрост, мы прыйшлі ў Кос, а на наступны дзень — у Радос, а адтуль — у Патару, і, знайшоўшы карабель, які меў плыць у Фінікію, узыйшлі [на яго] і паплылі. А ўбачыўшы Кіпр і пакінуўшы яго зьлева, мы плылі ў Сірыю і зыйшлі ў Тыры, бо там карабель меў разладаваць тавар. І, знайшоўшы вучняў, мы былі там сем дзён, а тыя праз Духа казалі Паўлу, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім. А калі мы пражылі тыя дні, выйшаўшы, мы пайшлі, і ўсе праводзілі нас з жонкамі і дзецьмі ажно за горад, і на беразе, укленчыўшы, маліліся. І, разьвітаўшыся адны з аднымі, мы ўзыйшлі на карабель, а яны вярнуліся дадому. А мы, скончыўшы плаваньне ад Тыру, прыйшлі ў Пталемаіду, і, прывітаўшы братоў, засталіся ў іх на адзін дзень. А на заўтра тыя, што былі з Паўлам, пайшоўшы, прыйшлі ў Цэзарэю, і, увайшоўшы ў дом Філіпа дабравесьніка, аднаго з сямі, засталіся ў яго. У яго ж былі чатыры дачкі дзяўчыны, якія прарочылі. А як мы заставаліся шмат дзён, прыйшоў з Юдэі адзін прарок, на імя Агаў, і, увайшоўшы да нас і ўзяўшы пояс Паўла, і зьвязаўшы сабе рукі і ногі, сказаў: «Гэтак кажа Дух Сьвяты: “Мужа, чый гэты пояс, так зьвяжуць Юдэі ў Ерусаліме і аддадуць у рукі паганаў”». Калі ж мы пачулі гэта, і мы, і тамтэйшыя прасілі, каб ён не ўзыходзіў у Ерусалім. А Павал адказаў: «Што вы робіце, плачучы і разрываючы маё сэрца? Бо я ня толькі гатовы быць зьвязаным, але і памерці ў Ерусаліме дзеля імя Госпада Ісуса». І не пераканаўшы яго, мы супакоіліся, кажучы: «Няхай станецца воля Госпадава!» А пасьля гэтых дзён, узяўшы рэчы, мы ўзыходзілі ў Ерусалім. Ішлі ж з намі і вучні з Цэзарэі, ведучы да нейкага Мназона, Кіпрыйца, старадаўнага вучня, у якога мы мелі гасьцяваць. А як мы апынуліся ў Ерусаліме, браты прыхільна прынялі нас. І на другі дзень увайшоў Павал разам з намі да Якуба; і прыйшлі ўсе старосты. І, прывітаўшы іх, ён распавядаў падрабязна, што ўчыніў Бог сярод паганаў праз служэньне ягонае. Яны ж, пачуўшы, праславілі Госпада і сказалі яму: «Бачыш, браце, колькі дзясяткаў тысячаў Юдэяў, якія паверылі, і ўсе яны рупліўцы Закону. А яны начутыя адносна цябе, што ты вучыш адступніцтву ад Майсея ўсіх Юдэяў, што [жывуць] сярод паганаў, кажучы, каб не абрэзвалі сваіх дзяцей і не хадзілі паводле звычаяў. Дык што гэта? Абавязкова мусіць сабрацца мноства, бо пачуюць, што ты прыйшоў. Дык зрабі, што табе скажам. Ёсьць у нас чатыры мужы, якія маюць на сабе шлюбаваньне. Узяўшы іх, ачысьціся разам з імі і выдаткуй за іх, каб яны абстрыглі галаву, і ўсе даведаюцца, што тое, што яны дачуліся адносна цябе, ёсьць пустое, але ты ходзіш адпаведна і захоўваеш Закон. А адносна паганаў, якія паверылі, мы пісалі, пастанавіўшы, каб нічога гэткага не захоўвалі, а толькі высьцерагаліся ахвяраў ідалам, і крыві, і душанага, і распусты». Тады Павал, узяўшы мужоў гэтых, на наступны дзень ачысьціўшыся з імі, увайшоў у сьвятыню, абвяшчаючы заканчэньне дзён ачышчэньня, калі за кожнага з іх прынесены будзе дар [Богу]. А калі меліся скончыцца сем дзён, Юдэі з Азіі, убачыўшы яго ў сьвятыні, узрушылі ўвесь натоўп і ўсклалі на яго рукі, крычучы: «Мужы Ізраільцяне, дапамажыце! Гэта чалавек, які ўсіх паўсюль навучае супраць народу і супраць Закону, і супраць месца гэтага. Ды яшчэ Грэкаў увёў у сьвятыню і апаганіў гэтае месца сьвятое». Бо яны раней бачылі з ім у горадзе Трафіма Эфэсца і думалі, што Павал увёў яго ў сьвятыню. І ўвесь горад узварушыўся, і пазьбягаўся народ. І, узяўшы Паўла, пацягнулі яго вонкі са сьвятыні, і адразу дзьверы былі зачынены. А калі шукалі забіць яго, да тысячніка кагорты дайшла вестка, што ўвесь Ерусалім узрушаны. Ён, неадкладна ўзяўшы жаўнераў і сотнікаў, пабег на іх, а яны, убачыўшы тысячніка і жаўнераў, перасталі біць Паўла. Тады, наблізіўшыся, тысячнік узяў яго і загадаў зьвязаць двума ланцугамі і пытаўся, хто ён і што зрабіў. А ў натоўпе кожны крычаў нешта сваё. І ня могучы праз замяшаньне нешта пэўнае даведацца, загадаў весьці яго ў табар. А калі [Павал] апынуўся ля сходаў, жаўнерам прыйшлося на руках несьці яго дзеля гвалту натоўпу, бо мноства народу ішло за імі, крычучы: «Забі яго!» І як меліся ўвайсьці ў табар, Павал кажа тысячніку: «Ці магу нешта сказаць табе?» Той жа сказаў: «Ты ведаеш грэцкую? Дык ці ня ты той Эгіпцянін, які перад гэтымі днямі збунтаваў і вывеў у пустыню чатыры тысячы чалавек сікарыяў?» А Павал сказаў: «Я — Юдэй з Тарсу, грамадзянін знакамітага гораду ў Кілікіі. Прашу ж цябе, дазволь мне гаварыць да народу». Калі ж той дазволіў, Павал, стаўшы на сходах, даў знак народу рукою, і як сталася вялікая ціша, прамовіў на гебрайскай мове, кажучы: