Дзеі сьвятых апосталаў, разьдзел 7

А першасьвятар сказаў: «Ці ж гэта так?» Той жа мовіў: «Мужы браты і бацькі, паслухайце! Бог славы зьявіўся бацьку нашаму Абрагаму, калі той быў у Мэсапатаміі, перш, чым пасяліўся ў Харане, і сказаў да яго: “Выйдзі з зямлі тваёй і ад родзічаў тваіх і ідзі ў зямлю, якую Я табе пакажу”. Тады, выйшаўшы з зямлі Халдэйскае, ён пасяліўся ў Харане; адтуль пасьля сьмерці бацькі ягонага [Бог] перасяліў яго ў гэтую зямлю, у якой вы цяпер жывяцё. І ня даў яму ў ёй спадчыны ані на стапу нагі; і абяцаў яму даць яе ў валоданьне яму і насеньню ягонаму пасьля яго, а ня меў ён дзіцяці. Сказаў жа яму Бог, што насеньне ягонае будзе прыхаднем у зямлі чужой, і зьняволяць іх, і будуць рабіць ім зло чатырыста гадоў. “І народ, які зняволіць іх, Я буду судзіць, — сказаў Бог, — і пасьля гэтага яны выйдуць і будуць служыць Мне ў гэтым месцы”. І даў яму запавет абразаньня. І гэтак ён нарадзіў Ісаака, і абрэзаў яго на восьмы дзень; і Ісаак — Якуба, і Якуб — дванаццаць патрыярхаў. І патрыярхі, зайздросьцячы Язэпу, прадалі яго ў Эгіпет; і Бог быў з ім, і выбавіў яго з усіх прыгнётаў ягоных, і даў яму ласку і мудрасьць перад фараонам, валадаром Эгіпту; і той паставіў яго за начальніка над Эгіптам і над усім домам сваім. Прыйшоў жа голад на ўсю зямлю Эгіпту і Ханаану, і гора вялікае, і бацькі нашыя не знаходзілі жыўнасьці. А Якуб, пачуўшы, што ёсьць збожжа ў Эгіпце, паслаў спачатку бацькоў нашых, і за другім разам Язэп быў пазнаны братамі ягонымі, і фараону выявіўся род Язэпавы. А Язэп, паслаўшы, паклікаў бацьку свайго Якуба і ўсіх родзічаў сваіх, душаў семдзесят пяць. Якуб жа зыйшоў у Эгіпет, і памёр сам і бацькі нашыя, і перанесьлі іх у Сыхем, і паклалі ў магілу, якую набыў Абрагам за цану срэбра ў сыноў Гемора Сыхемава. А як набліжаўся час абяцаньня, наконт якога прысягаў Бог Абрагаму, народ рос і памнажаўся ў Эгіпце да часу, калі паўстаў іншы валадар, які ня ведаў Язэпа. Той, хітруючы супраць роду нашага, рабіў зло бацькам нашым, каб яны выкідалі немаўлят, каб тыя не жылі. У той час нарадзіўся Майсей, і быў мілы Богу; яго гадавалі тры месяцы ў доме бацькі ягонага. Калі ж выкінулі яго, узяла яго дачка фараона і гадавала яго за сына сабе. І быў настаўлены Майсей ва ўсёй мудрасьці Эгіпцянаў, і быў ён магутны ў словах і ўчынках. Калі ж споўнілася яму сорак гадоў веку, прыйшло яму на сэрца даведацца братоў сваіх, сыноў Ізраіля. І, убачыўшы, як некага крыўдзілі, заступіўся за яго і адпомсьціў за пакрыўджанага, ударыўшы Эгіпцяніна. Ён жа думаў, што браты ягоныя зразумеюць, што Бог рукой ягонай дае ім выбаўленьне, а яны не зразумелі. І на наступны дзень ён зьявіўся ім, як яны біліся, і вёў іх да згоды, кажучы: “Мужы, вы — браты! Чаму вы крыўдзіце адзін аднога?” А той, што быў крыўдзіў бліжняга, адапхнуў яго, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю над намі? Ці ты хочаш забіць мяне, як забіў учора Эгіпцяніна?” Праз гэтае слова ўцёк Майсей і стаўся прыхаднем у зямлі Мадыям, дзе нарадзіў двух сыноў. А калі споўнілася сорак гадоў, зьявіўся яму ў пустыні пад гарою Сынай анёл Госпадаў у полымі вагню куста. Майсей жа, убачыўшы, зьдзівіўся відзежу, і калі ён набліжаўся, каб прыгледзецца, быў да яго голас Госпада: “Я — Бог бацькоў тваіх, Бог Абрагама, і Бог Ісаака, і Бог Якуба”. Трасучыся, Майсей не адважыўся ўглядацца. А Госпад сказаў яму: “Здымі сандалы з ног тваіх, бо месца, на якім ты стаіш, — зямля сьвятая. Гледзячы, Я ўбачыў гора народу Майго ў Эгіпце, і пачуў стагнаньне іхнае, і зыйшоў выбавіць іх. І цяпер ідзі, Я пашлю цябе ў Эгіпет”. Таго Майсея, якога яны адракліся, кажучы: “Хто паставіў цябе за начальніка і судзьдзю?” — яго Бог за начальніка і выбавіцеля паслаў рукой анёла, які зьявіўся яму ў кусьце. Ён вывеў іх, учыніўшы цуды і знакі ў зямлі Эгіпецкай, і ў Чырвоным моры, і ў пустыні сорак гадоў. Гэта той Майсей, які сказаў сынам Ізраіля: “Прарока паставіць вам Госпад, Бог ваш, з братоў вашых, як мяне; Яго слухайце”. Гэта той, які быў у пустыні ў зборы з анёлам, які гаварыў на гары Сынай з ім і з бацькамі нашымі, які прыняў словы жывыя, каб даць нам, якому не хацелі быць паслухмяныя бацькі нашыя, але адапхнулі яго і павярнулі сэрцы свае да Эгіпту, кажучы Аарону: “Зрабі нам багоў, якія будуць ісьці наперадзе нас, бо з Майсеем гэтым, які вывеў нас з зямлі Эгіпецкай, ня ведаем, што сталася з ім”. І зрабілі ў тыя дні цяля, і прынесьлі ахвяру ідалу, і весяліліся ў справах рук сваіх. А Бог адвярнуўся і аддаў іх служыць войску нябеснаму, як напісана ў кнізе Прарокаў: “Дом Ізраіля, ці прыносілі вы Мне бітае і ахвяры сорак гадоў у пустыні? І паднялі вы намёт Малоха і зорку бога вашага Рэмфана, абразы, якія вы зрабілі, каб ім пакланяцца. І Я перасялю вас ажно за Бабілон”. Намёт сьведчаньня быў у бацькоў нашых у пустыні, як загадаў Той, Які гаварыў Майсею зрабіць яе паводле вобразу, які ён бачыў. Яе, узяўшы, занесьлі бацькі нашыя з Егошуам у валоданьні паганаў, якіх Бог выгнаў ад аблічча бацькоў нашых, ажно да дзён Давіда, які знайшоў ласку перад Богам і прасіў, каб знайсьці будыніну Богу Якуба. Салямон жа пабудаваў Яму дом. Але Найвышэйшы не жыве ў бажніцах, зробленых рукамі, як кажа прарок: “Неба — пасад Мой, а зямля — падножжа ног Маіх. Які ж дом вы пабудуеце Мне, — кажа Госпад, — або якое месца супачынку Майго? Ці ж не Мая рука ўчыніла ўсё гэтае?” [Людзі] з цьвёрдым каркам і з неабрэзаным сэрцам і вушамі! Вы заўсёды супрацівіцеся Духу Сьвятому, як бацькі вашыя, так і вы. Каго з прарокаў не перасьледавалі бацькі вашыя, і пазабівалі прадвесьнікаў прыходу Праведніка, здраднікамі і забойцамі Якога вы цяпер сталіся, вы, якія ўзялі Закон паводле пастановы анёлаў і не захавалі яго». А слухаючы гэта, яны раз’юшваліся ў сэрцах сваіх і скрыгаталі зубамі на яго. Ён жа, напоўнены Духам Сьвятым, углядаючыся ў неба, убачыў славу Божую і Ісуса, Які стаіць праваруч Бога, і сказаў: «Вось, бачу неба адчыненае і Сына Чалавечага, Які стаіць праваруч Бога». Яны ж, закрычаўшы моцным голасам, пазатыкалі вушы свае, і аднадушна рынуліся на яго, і, выгнаўшы за горад, каменавалі яго. І сьведкі кінулі адзеньні свае ля ног дзяцюка, называнага Саўл, і каменавалі Стэфана, які прызываў [Бога] і казаў: «Госпадзе Ісусе, прымі дух мой!» І, укленчыўшы, закрычаў моцным голасам: «Госпадзе, не палічы ім грэху гэтага!» І, сказаўшы гэта, памёр.