Кніга Эклезіяста, разьдзел 12

І памятай пра Творцу твайго у дні юнацтва твайго, пакуль не прыйдуць дні ліхія, i пакуль не сустрэнуць цябе гады, пра якiя скажаш: “Не падабаюцца мне яны”, пакуль не зацемрыцца сонца, i сьвятло, i месяц, i зоркi, пакуль ня вернуцца пасьля дажджу хмары, у дні, калі будуць дрыжэць вартаўнiкi дому i хiстацца мужы моцныя, i кінуць малоць млынары, бо іх будзе мала, i пацямнеюць тыя, што глядзяць праз вокны, і будуць замкнутыя дзьверы на вулiцу, і сціхне голас жорнаў, і будуць ўскокваць на голас птушкi, і змоўкнуць ўсе дочкі сьпеваў, і будуць баяцца вышыняў, i жахацца на дарозе; i заквітнее дрэва мiгдалёвае, i пацяжэе саранча, i асыпецца капэрс, бо пойдзе чалавек у дом вечнасьці сваёй, i будуць хадзіць вакол яго па вулiцы плачкі, пакуль не парвецца срэбны ланцужок, i не раструшчыцца залатая чаша, i не паб’ецца збан пры крынiцы, i ня зломіцца калаўрот над студняю, i вернецца парахно ў зямлю, чым яно і было, а дух вернецца да Бога, Які даў яго. Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезiяст, ўсё — марнасьць. Акрамя таго, што Эклезiяст быў мудры, ён вучыў таксама людзей ведам, і прыслухоўваўся, і дасьледаваў, i склаў шмат прыповесьцяў. Імкнуўся Эклезiяст знайсьці прыгожыя словы, i запісаць шчыра словы праўды. Словы мудрых — як джалы, i як цьвiкi моцна ўбiтыя — тыя, што сабралі іх; яны дадзены адзіным Пастырам. А што звыш гэтага, сыне мой, таго сьцеражыся: складаньню шматлікіх кнiгаў няма канца, і доўгае вучэньне — стома для цела. Сутнасьць усяго слова, што было пачута: бойся Бога i захоўвай прыказаньнi Ягоныя, бо ў гэтым — усё для чалавека! Бо ўсе ўчынкі Бог прывядзе на суд, і ўсё схаванае, і добрае, і ліхое.