Кніга Эклезіяста, разьдзел 5

Ня будзь хуткі вуснамі тваімі, і сэрца тваё няхай не сьпяшаецца вымавіць слова перад абліччам Божым, таму што Бог у небе, а ты — на зямлi. Дзеля гэтага няхай словы твае будуць нешматлікімі. Бо ад мноства заняткаў прыходзіць сон, і мноства словаў [мае] голас дурня. Калi абяцаеш абяцаньне Богу, не марудзь выканаць яго, бо Ён ня мае ўпадабаньня да дурняў. Калі што абяцаеш — споўні. Шмат лепш не абяцаць, чым паабяцаць і ня споўнiць. Не дазваляй вуснам тваiм уводзiць у грэх цела сваё i не кажы перад анёлам, што гэта памылка; навошта [табе], каб Бог загневаўся на голас твой і зьнішчыў справы рук тваiх. Бо ў мностве сноў і ў памнажэньні словаў — марнасьць, але ты бойся Бога! Калi ты ўбачыш прыгнёт беднага i парушэньне суду i справядлiвасьцi ў нейкай акрузе, не зьдзіўляйся гэтым рэчам, бо высокага пільнуе вышэйшы, а над iмi — яшчэ вышэйшы. Але карысна для зямлі ва ўсім, калі валадар дбае пра поле. Хто любiць срэбра, той не насыціцца срэбрам, і хто любiць багацьце, той ня будзе мець прыбытку; і гэта таксама марнасьць. Памнажаюцца даброцьці, памнажаюцца i тыя, што іх зьядаюць; i што за карысьць уласьнiку з гэтага, хiба, гледзячы, глядзець вачыма сваім? Салодкi сон таго, хто працуе, цi мала, цi шмат ён пад’еў, але сытасьць багатага не дае яму заснуць. Ёсьць лiхая нядоля, якую я бачыў пад сонцам, — багацьце, якое захоўваецца на шкоду таму, хто мае яго. І загінула багацьце тое ў нешчасьлівым выпадку; і нарадзiў ён сына, і няма нiчога ў руках ягоных. Бо як выйшаў ён з улоньня мацi сваёй голы, так і вернецца назад, як прыйшоў, i нiчога не забярэ рукою сваёю з таго, што прыйшло праз цяжкую працу ягоную. I гэта таксама ліхая нядоля: якім прыйшоў, такім i адыйдзе, і якая карысьць яму з таго, што працаваў на вецер? Таксама ўсе днi свае ён еў у цемры, у смутку вялiкiм, у немачы i прыкрасьці. Вось што я ўбачыў, што добра i прыгожа [чалавеку] есьцi i пiць, i бачыць добры [плод] кожнай цяжкай працы сваёй, якой працаваў пад сонцам у палічаных днях жыцьця свайго, якое даў яму Бог; бо гэта доля ягоная. Таксама калі якому чалавеку Бог даў багацьце i маёмасьць, i даў ўладу спажыць гэта, і браць частку сваю, i радавацца з цяжкай працы сваёй, дык гэта дар Божы. Бо ня будзе ён шмат памятаць пра дні жыцьця свайго, таму Бог дае радасьць у сэрца ягонае.