Кніга Эклезіяста, разьдзел 1

Слова Эклезiяста, сына Давiда, валадара ў Ерусалiме. Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезiяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць. Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? Пакаленьне адыходзiць i пакаленьне прыходзiць, а зямля на вякі трывае. Узышло сонца, i зайшло сонца, i сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзiць. Вецер ідзе на поўдзень i паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё. Усе рэкi цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкi цякуць, вяртаюцца яны, каб [зноў] адтуль выцякаць. Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць [усяго]. Не насыцiцца вока гляджэньнем, i не напоўнiцца вуха слуханьнем. Што было, тое i будзе, а што рабілася, тое i будзе рабіцца, i няма нiчога новага пад сонцам. Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзi, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намi. Няма памяцi пра тых, што раней жылi, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія будуць пасьля іх. Я, Эклезiяст, быў валадаром Iзраіля ў Ерусаліме. І аддаў я сэрца маё, каб шукаць i дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя iм. Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; i вось, ўсё — марнасьць i пагоня за ветрам. Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палiчыць. Сказаў я ў сэрцы маiм, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся i прыдбаў мудрасьцi больш за ўсiх, што былі раней за мяне ў Ерусалiме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьцi i веданьня”. І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства i глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа. Бо з вялiкай мудрасьцi шмат смутку, і хто павялiчвае веданьне, павялiчвае боль.