Пасланьне да Эфэсянаў, разьдзел 5

Дык будзьце пераймальнікамі Бога, як дзеці ўлюбёныя, і хадзіце ў любові, як і Хрыстос палюбіў нас і выдаў Сябе за нас, як дар і ахвяру Богу, на водар салодкі. А распуста і ўсякая нячыстасьць або хцівасьць няхай і не называюцца ў вас, як і належыць сьвятым, ані агідныя і пустыя словы або жарты непрыстойныя, але лепш падзяка. Бо ведайце, што ніякі распусьнік, або нячысты, або хцівец, які зьяўляецца ідалапаклоньнікам, ня мае спадчыны ў Валадарстве Хрыста і Бога. Няхай ніхто не падманвае вас пустымі словамі, бо за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў непакорнасьці. Дык ня будзьце супольнікамі іх. Вы былі некалі цемрай, а цяпер — сьвятло ў Госпадзе; хадзіце ж, як дзеці сьвятла, бо плод Духа ёсьць ва ўсякай добрасьці, і праведнасьці, і праўдзе. Выпрабоўвайце, што падабаецца Богу, і ня ўдзельнічайце ў бясплодных справах цемры, а лепш дакарайце. Бо пра тое, што робіцца імі патаемна, сорамна і гаварыць. Але ўсё, дакаранае сьвятлом, робіцца яўным, бо ўсё, што робіцца яўным, ёсьць сьвятло, таму сказана: «Устань, ты, які сьпіш, і ўваскрэсьні з мёртвых, і асьвеціць цябе Хрыстос». Дык глядзіце, хадзіце дакладна, не як бязглуздыя, але як мудрыя, выкупляючы час, бо дні злыя. Дзеля гэтага ня будзьце неразумнымі, але пазнавайце, якая ёсьць воля Госпада. І не ўпівайцеся віном, бо ў ім распуста, але напаўняйцеся Духам, гаворачы да сябе псальмамі, і гімнамі, і сьпевамі духоўнымі, сьпяваючы і граючы Госпаду ў сэрцах вашых, дзякуючы заўсёды і за ўсё Богу і Айцу ў імя Госпада нашага Ісуса Хрыста, падпарадкоўваючыся адзін аднаму ў страху Божым. Жанчыны, падпарадкоўвайцеся мужам сваім, як Госпаду, бо муж ёсьць галава жонкі, як і Хрыстос — галава Царквы, і Ён жа — Збаўца цела. Але як Царква падпарадкоўваецца Хрысту, гэтак і жонкі сваім мужам у-ва ўсім. Мужы, любіце жонак сваіх, як і Хрыстос палюбіў Царкву і выдаў Сябе за яе, каб асьвяціць яе, ачысьціўшы абмыцьцём водным у слове, каб паставіць яе Сабе слаўнаю Царквою, бяз плямы, ці заганы, ці чаго падобнага, але каб яна была сьвятая і беззаганная. Гэтак павінны мужы любіць сваіх жонак, як целы свае: хто любіць жонку сваю, самога сябе любіць. Бо ніхто ніколі ня меў нянавісьці да цела свайго, але жывіць і грэе яго, як і Госпад Царкву. Бо мы — члены цела Яго, ад цела Яго і ад костак Яго. Дзеля гэтага пакіне чалавек бацьку свайго і маці, і прылепіцца да жонкі сваёй, і будуць двое адным целам. Таямніца гэтая вялікая; а я кажу пра Хрыста і Царкву. Зрэшты, і вы, кожны па сабе, няхай любіць жонку сваю як сябе; а жонка няхай баіцца мужа.