Пасланьне да Галятаў, разьдзел 5

Дык стойце ў свабодзе, якою вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце ізноў пад ярмо няволі. Вось я, Павал, кажу вам, што, калі вы абрэзваецеся, Хрыстос вам ня дасьць ніякай карысьці. Зноў жа сьведчу ўсякаму чалавеку, які абрэзваецца, што ён павінен выканаць увесь Закон. Вы, якія апраўдваецеся праз Закон, зьнішчылі [ў сабе] Хрыста, адпалі ад ласкі. Бо мы духам праз веру чакаем надзеі праведнасьці. Бо ў Хрысьце Ісусе ня мае сілы ані абразаньне, ані неабразаньне, але вера, якая дзейнічае праз любоў. Вы беглі добра. Хто перашкодзіў вам, каб вы ня мелі перакананасьці ў праўдзе? Гэткае перакананьне не ад Таго, Які вас кліча. Малая кісьля ўсё цеста квасіць. Я перакананы наконт вас у Госпадзе, што вы ня будзеце думаць аніяк іначай. А той, хто вас трывожыць, хто б ён ні быў, атрымае асуджэньне. Калі ж я, браты, усё яшчэ абвяшчаю абразаньне, чаму я перасьледаваны? Тады зьнішчанае будзе згаршэньне крыжа. О, каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць! Бо вы да свабоды пакліканыя, браты. Толькі каб свабода ня [сталася] нагодай для [пажаданьняў] цела, але праз любоў служыце адзін аднаму. Бо ўвесь Закон у адным слове спаўняецца: «Любі бліжняга твайго як самога сябе». Калі ж адзін аднаго кусаеце і зьядаеце, глядзіце, ня будзьце зьнішчаныя адзін адным. А я кажу: хадзіце [паводле] духа і пажаданьняў цела не спаўняйце. Бо цела жадае насупраць духу, а дух — насупраць целу: яны адзін аднаму працівяцца, каб вы рабілі ня тое, што б хацелі. Калі ж вы ведзеныя духам, вы не пад Законам. А ўчынкі цела яўныя, яны ёсьць чужалоства, распуста, нячыстасьць, бессаромнасьць, ідалапаклонства, чараўніцтва, варожасьць, сваркі, рэўнасьць, ярасьць, сварлівасьць, нязгода, герэзіі, зайздрасьць, забойствы, п’янства, гулянкі і падобнае гэтаму. Гэта наперад кажу вам, як і раней казаў, што тыя, якія гэтак робяць, не ўспадкаемяць Валадарства Божага. Плод жа Духа — любоў, радасьць, супакой, доўгацярплівасьць, ласкавасьць, добрасьць, вера, ціхасьць, стрыманасьць. Супраць гэтакіх няма Закону. А тыя, якія Хрыстовыя, укрыжавалі цела з пакутамі і пажаданьнямі. Калі мы жывем [паводле] Духа, дык і ходзім сьледам за Духам. Не шукайма пустой славы, адзін аднаго раздражняючы, адзін аднаму зайздросьцячы.