Пасланьне да Габрэяў, разьдзел 7

Бо гэты Мэльхісэдэк, валадар Салему, сьвятар Бога Найвышэйшага, які сустрэў Абрагама, калі той вяртаўся пасьля разгрому валадароў, і дабраславіў яго, і якому дзесяціну ад усяго аддзяліў Абрагам, па-першае, перакладаецца як Валадар праведнасьці, а пасьля ён — валадар Салему, гэта ёсьць Валадар супакою, бяз бацькі, бяз маці, без радаводу, які ня мае ані пачатку дзён, ані канца жыцьця, падобны да Сына Божага, застаецца сьвятаром назаўсёды. Бачыце, які вялікі той, якому нават Абрагам патрыярх даў дзесяціну са здабычы. Тыя з сыноў Левія, якія атрымліваюць сьвятарства, маюць прыказаньне паводле Закону браць дзесяціну з народу, гэта ёсьць з братоў сваіх, хаця і яны выйшлі з паясьніцы Абрагама. А ён, які не паходзіць з іх, узяў дзесяціну ад Абрагама і дабраславіў таго, які меў абяцаньні. Без усялякае спрэчкі меншы дабраслаўляецца большым. І тут дзесяціны атрымліваюць людзі сьмяротныя, а там — той, пра якога сьведчыцца, што жыве. І, можна так сказаць, праз Абрагама ўзята дзесяціна і з Левія, які сам атрымлівае дзесяціны, бо ён быў яшчэ ў паясьніцы бацькі, калі сустрэў яго Мэльхісэдэк. Дык, калі б усё зьдзейсьнілася праз сьвятарства лявітаў, бо народ разам з ім атрымаў Закон, якая яшчэ патрэба паўставаць іншаму сьвятарству паводле парадку Мэльхісэдэка, а не паводле парадку Аарона называцца? Бо разам з пераменай сьвятарства патрэбна, каб сталася і зьмена Закону. Бо Той, пра Якога гаворыцца гэтае, належаў да другога калена, з якога ніхто не прыступаў да ахвярніка. Бо відочна, што Госпад наш узыйшоў з калена Юды, а пра гэтае калена Майсей нічога не сказаў адносна сьвятарства. І гэта яшчэ больш зразумела, калі паводле падабенства Мэльхісэдэка паўстае іншы Сьвятар, Які не паводле Закону прыказаньня цялеснага стаўся, але паводле моцы незьнішчальнага жыцьця. Бо засьведчыў [Бог]: «Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка». Бо раней быўшае прыказаньне адкінута праз слабасьць яго і некарыснасьць, бо Закон нічога ня споўніў, але ўводзіцца лепшая надзея, праз якую мы набліжаемся да Бога. І як гэта было не без прысягі, бо тыя ставаліся сьвятарамі без прысягі, а Гэты — з прысягай Таго, Які гаварыў пра Яго: «Прысягнуў Госпад і не раскаецца: Ты — сьвятар на вякі паводле парадку Мэльхісэдэка», нагэтулькі лепшага запавету Паручальнікам стаўся Ісус. І тых сьвятароў было шмат дзеля таго, што сьмерць забараняла [некаму] затрымацца, а Гэты праз тое, што застаецца на вякі, мае сьвятарства, якое не адступаецца [ад Яго], таму Ён і можа цалкам збаўляць тых, якія прыходзяць праз Яго да Бога, заўсёды жывы, каб заступацца за іх. Бо Гэткага трэба нам Першасьвятара, сьвятога, нявіннага, беззаганнага, адлучанага ад грэшнікаў і ўзвышанага па-над нябёсы, Які ня мае патрэбы штодня, як тыя першасьвятары, прыносіць ахвяры спачатку за свае грахі, пасьля за [грахі] народу, бо Ён зрабіў гэта аднойчы, прынёсшы [ў ахвяру] Сябе. Бо Закон стаўляе за першасьвятароў людзей, якія маюць нядужасьць, а слова прысягі, што пасьля Закону, [паставіла] Сына, дасканалага на вякі.