Пасланьне да Габрэяў, разьдзел 8

А галоўнае ў тым, што сказана, тое, што мы маем Першасьвятара, Які сеў праваруч пасаду велічы ў небе, служыцель Сьвятыні і праўдзівага Намёту, які паставіў Госпад, а не чалавек. Бо кожны першасьвятар стаўляецца на тое, каб прыносіць дары і ахвяры; таму трэба, каб і Гэты меў нешта, што прынесьці. Бо калі б Ён быў на зямлі, ня быў бы сьвятаром, [бо] ёсьць сьвятары, якія паводле Закону прыносяць дары, якія служаць прыкладу і ценю [рэчаў] нябесных, як атрымаў слова Майсей, калі меўся зрабіць намёт: «Глядзі, — прамовіў Ён, — зрабі ўсё паводле вобразу, які паказаны табе на гары». А цяпер Ён атрымаў служэньне тым слаўнейшае, чым лепшага Ён пасярэднік запавету, які ўзаконены на лепшых абяцаньнях. Бо калі б той першы быў без заганы, не шукалася б месца для другога. Бо, вінавацячы іх, кажа: «Вось, надыходзяць дні, — кажа Госпад, — і Я зраблю з домам Ізраіля і з домам Юды новы запавет, не паводле запавету, які Я зрабіў з бацькамі іх у дзень, калі ўзяў іх рукою Маёю, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпту, бо яны ня вытрывалі ў запавеце Маім, і Я занядбаў іх, — кажа Госпад. Вось запавет, які Я заключу з домам Ізраіля пасьля тых дзён, — кажа Госпад, — даючы законы Мае ў думкі іхнія, напішу іх і на сэрцах іхніх, і буду ім Богам, а яны Мне будуць народам. І ня будзе вучыць кожны бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнай Госпада”, бо ўсе, ад малога іхняга да вялікага іхняга, будуць ведаць Мяне. Бо міласьцівы буду да няправеднасьцяў іхніх, і грахоў іхніх і беззаконьняў іхніх больш не ўзгадаю». Калі кажа “новы”, учыніў старым першы; а тое, што старэе і здаўніваецца, блізкае, каб шчэзнуць.