Пасланьне Якава, разьдзел 2

Браты мае! Не ўзіраючыся на аблічча, мейце веру ў Госпада нашага Ісуса Хрыста праслаўленага. Бо калі ў збор ваш увойдзе чалавек з залатым пярсьцёнкам, у сьветлым адзеньні, і ўвойдзе ўбогі ў брудным адзеньні, і вы глянеце на таго, які носіць сьветлае адзеньне, і скажаце яму: «Табе добра сесьці тут», а ўбогаму скажаце: «Ты стань там», ці: «Сядай тут, ля падножжа майго», ці не ўчынілі вы розьніцы ў саміх сабе і ці ня сталіся судзьдзямі са злымі думкамі? Паслухайце, браты мае ўлюбёныя, ці ж ня ўбогіх сьвету гэтага выбраў Бог быць багатымі ў веры і спадкаемцамі Валадарства, якое Ён абяцаў тым, што любяць Яго? А вы зьняважылі ўбогага. Ці ж не багатыя прыгнятаюць вас, і ці ж не яны цягаюць вас у суды? Ці ж не яны блюзьняць на добрае імя, якое вы прызываеце? Калі, аднак, вы спаўняеце валадарскі закон паводле Пісаньня: «Любі бліжняга твайго як самога сябе», добра робіце; а калі на аблічча ўзіраецеся, чыніце грэх і дакараныя законам як парушальнікі. Бо хто захоўвае ўвесь Закон, але спатыкнецца ў [нечым] адным, той стаўся вінным у-ва ўсім. Бо Той, Які сказаў: «Не чужалож», сказаў таксама: «Не забівай». Дык калі ты не чужаложыш, але заб’еш, ты стаўся парушальнікам Закону. Гэтак гаварыце і гэтак рабіце, як тыя, што маюць быць суджаны паводле закону свабоды. Бо суд бяз літасьці для таго, хто не ўчыніў літасьці; і ласка па-над суд вывышаецца. Якая карысьць, браты мае, калі хто кажа, што мае веру, а ўчынкаў ня мае? Ня можа гэтая вера збавіць яго. Калі брат ці сястра ня маюць адзеньня і не хапае ім ежы на дзень, а нехта з вас скажа ім: «Ідзіце ў супакоі, грэйцеся і насычайцеся», але ня дасьць ім патрэбнага для цела, якая карысьць? Гэтак і вера, калі ня мае ўчынкаў, сама па сабе мёртвая. Але нехта скажа: «Ты маеш веру, а я маю ўчынкі». Пакажы мне веру тваю без учынкаў тваіх, і я з маіх учынкаў пакажу табе маю веру. Ты верыш, што Бог адзін, — добра робіш. І дэманы вераць і дрыжаць. Але ці хочаш ведаць, чалавек нікчэмны, што вера без учынкаў мёртвая? Ці ж не праз учынкі апраўдаўся Абрагам, бацька наш, узьнёсшы на ахвярнік Ісаака, сына свайго? Бачыш, што вера дапамагала ўчынкам ягоным, і праз учынкі вера завяршылася. І споўнілася Пісаньне, якое кажа: «Паверыў Абрагам Богу, і залічана яму за праведнасьць», і: «Сябрам Богу быў ён названы». Дык паглядзіце, што чалавек апраўдваецца праз учынкі, а не праз веру толькі. Падобна і Рахаў распусьніца ці не праз учынкі была апраўданая, прыняўшы пасланцоў і выправіўшы [іх] другой дарогаю? Бо, як цела бяз духа мёртвае, гэтак і вера мёртвая без учынкаў.