Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 14

Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і верце ў Мяне. У доме Айца Майго жытла шмат, бо калі б гэтак не было, Я сказаў бы вам: “Іду падрыхтаваць вам месца”. І, калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду ізноў, і вазьму вас да Сябе, каб і вы былі, дзе Я. І куды Я іду, вы ведаеце, і шлях ведаеце». Кажа Яму Тамаш: «Госпадзе! Ня ведаем, куды ідзеш, дык як можам ведаць шлях?» Кажа яму Ісус: «Я ёсьць шлях, і праўда, і жыцьцё. Ніхто не прыходзіць да Айца, калі не праз Мяне. Калі б вы пазналі Мяне, пазналі б і Айца Майго. І ад цяпер пазналі Яго і бачылі Яго». Кажа яму Філіп: «Госпадзе! Пакажы нам Айца, і хопіць з нас». Кажа яму Ісус: «Гэтулькі часу Я з вамі, і ты не пазнаў Мяне, Філіп? Хто бачыў Мяне, бачыў Айца; дык як ты кажаш: “Пакажы нам Айца”? Ці ж ты ня верыш, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне? Словы, якія Я гавару вам, не гавару ад Сябе. Айцец, Які ў-ва Мне, Ён робіць гэтыя справы. Верце Мне, што Я ў Айцу, і Айцец у-ва Мне; калі ж не, дзеля самых гэтых справаў верце Мне. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, будзе рабіць тыя справы, якія Я раблю, і большыя за іх зробіць, бо Я да Айца Майго іду. І што папросіце ў імя Маё, тое зраблю, каб быў праслаўлены Айцец у Сыне. Калі што папросіце ў імя Маё, Я зраблю. Калі любіце Мяне, захоўвайце прыказаньні Мае. І Я ўпрашу Айца, і Ён дасьць вам другога Абаронцу, каб заставаўся з вамі на вякі, Духа праўды, Якога сьвет ня можа прыняць, бо ня бачыць Яго і не пазнаў Яго, а вы пазналі Яго, бо Ён з вамі застаецца і ў вас будзе. Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ трохі, і сьвет ужо ня ўбачыць Мяне, а вы ўбачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень даведаецеся, што Я ў Айцу Маім, і вы ў-ва Мне, і Я ў вас. Хто мае прыказаньні Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне, а таго, хто любіць Мяне, будзе любіць Айцец Мой, і Я палюблю яго, і зьяўлю яму Сябе». Кажа Яму Юда, не Іскарыёт: «Госпадзе! Што сталася, што Ты маеш зьявіць Сябе нам, а ня сьвету?» Адказаў Ісус і сказаў яму: «Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё; і Айцец Мой палюбіць яго; і Мы прыйдзем да яго і зробім жытло ў яго. Хто ня любіць Мяне, не захоўвае словаў Маіх, а слова, якое вы чуеце, ня ёсьць Маё, але Айца, Які паслаў Мяне. Гэтае сказаў Я вам, пакуль Я з вамі. Абаронца ж, Дух Сьвяты, Якога пашле Айцец у імя Маё, навучыць вас усяго і нагадае вам усё, што Я казаў вам. Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам; ня так, як сьвет дае, Я даю вам. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не палохаецца. Вы чулі, што Я сказаў вам: “Зыходжу і прыйду да вас”. Калі б вы любілі Мяне, то ўзрадаваліся б, што Я сказаў: “Іду да Айца”, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш, чым сталася, каб, калі станецца, вы паверылі. Ужо няшмат буду гаварыць з вамі, бо прыходзіць князь гэтага сьвету, і ў-ва Мне ня мае нічога, але, каб сьвет даведаўся, што Я люблю Айца і, як загадаў Мне Айцец, так і раблю. Устаньце, пойдзем адгэтуль.