Паводле Яна сьвятое дабравесьце, разьдзел 5

Пасьля гэтага было сьвята юдэйскае, і ўзыйшоў Ісус у Ерусалім. Ёсьць жа ў Ерусаліме ля Авечае брамы сажалка, якая завецца па-гебрайску Бэтэзда і якая мае пяць прысенкаў. У іх ляжала вялікае мноства нядужых, сьляпых, кульгавых, ссохшых, якія чакалі руху вады; бо анёл Госпадаў у пэўны час зыходзіў у сажалку і каламуціў ваду; і хто першы ўваходзіў у яе пасьля ўскаламучаньня вады, той ставаўся здаровым, на што б ні хварэў. І быў тут нейкі чалавек, які меў нядужасьць трыццаць восем гадоў. Ісус убачыў яго, што ён ляжаў, і, даведаўшыся, што ён ляжыць ужо доўгі час, кажа яму: «Ці хочаш стацца здаровым?» Нядужы адказаў Яму: «Пане, я ня маю чалавека, які спусьціў бы мяне ў сажалку, калі ўскаламуціцца вада; калі ж сам прыходжу, другі ўжо зыходзіць раней за мяне». Кажа яму Ісус: «Устань, вазьмі ложак твой і хадзі». І адразу стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў ложак свой, і пайшоў. Была ж субота ў той дзень. Дзеля гэтага Юдэі казалі аздароўленаму: «Сёньня субота, ня можна табе браць ложак». Ён адказаў ім: «Той, Які мяне зрабіў здаровым, Ён мне сказаў: “Вазьмі ложак твой і хадзі”». Тады спыталіся ў яго: «Хто Той Чалавек, Які сказаў табе: “Вазьмі ложак твой і хадзі?”» Аздароўлены ж ня ведаў, хто Ён, бо Ісус зьнік у натоўпе, які быў у тым месцы. Пасьля гэтага Ісус знаходзіць яго ў сьвятыні і кажа яму: «Вось, ты стаўся здаровым, не грашы больш, каб ня сталася з табою нешта горшае». Чалавек гэты пайшоў і абвясьціў Юдэям, што гэта Ісус аздаравіў яго. І дзеля гэтага пачалі Юдэі перасьледаваць Ісуса, і шукалі, каб забіць Яго, бо Ён учыніў гэткае ў суботу. Ісус жа адказваў ім: «Айцец Мой дагэтуль робіць, і Я раблю». Дзеля гэтага Юдэі яшчэ больш шукалі, каб забіць Яго, бо Ён ня толькі парушаў суботу, але і Айцом Сваім называў Бога, робячы Сябе роўным Богу. Тады адказваў Ісус і сказаў ім: «Сапраўды, сапраўды кажу вам: Сын нічога ня можа рабіць Сам ад Сябе, калі ня бачыць Айца, Які робіць, бо што Ён робіць, тое і Сын робіць таксама. Бо Айцец любіць Сына і паказвае Яму ўсё, што Сам робіць, і большыя за гэтыя пакажа Яму справы, ажно вы зьдзівіцеся. Бо як Айцец уваскрашае мёртвых і ажыўляе, так і Сын ажыўляе, каго хоча. Бо Айцец і ня судзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну, каб усе шанавалі Сына, як шануюць Айца. Хто не шануе Сына, не шануе і Айца, Які паслаў Яго. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Хто слухае слова Маё і верыць у Таго, Хто паслаў Мяне, мае жыцьцё вечнае і на суд не ідзе, але перайшоў ад сьмерці ў жыцьцё. Сапраўды, сапраўды кажу вам: Прыходзіць гадзіна, і яна ўжо прыйшла, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць. Бо як Айцец мае жыцьцё ў Сабе, так і Сыну даў жыцьцё мець у Сабе. І даў Яму ўладу чыніць суд, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы. Не зьдзіўляйцеся гэтаму: бо прыходзіць гадзіна, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць голас Ягоны, і выйдуць тыя, што чынілі добрае, на ўваскрашэньне жыцьця, а тыя, што чынілі благое, — на ўваскрашэньне суду. Я нічога не магу рабіць Сам ад Сябе. Як чую, так і суджу, і суд Мой праведны, бо Я не шукаю Маёй волі, але волі Айца, Які паслаў Мяне. Калі Я сьведчу Сам пра Сябе, сьведчаньне Маё ня ёсьць праўдзівае. Ёсьць Другі, Які сьведчыць пра Мяне, і Я ведаю, што праўдзівае тое сьведчаньне, якім Ён сьведчыць пра Мяне. Вы пасылалі да Яна, і ён засьведчыў пра праўду. Але Я не ад чалавека прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі збаўленыя. Ён быў сьвечкай, якая гарэла і сьвяціла, а вы хацелі часіну радавацца пры сьвятле ягоным. Я ж маю сьведчаньне, большае за Янава, бо справы, якія Айцец даў Мне скончыць, самыя гэтыя справы, якія Я раблю, сьведчаць пра Мяне, бо Айцец паслаў Мяне, і Айцец, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў пра Мяне. Але вы ані голасу Яго ніколі ня чулі, ані аблічча Яго ня бачылі, і ня маеце слова Ягонага, якое ў вас было б, бо ня верыце Таму, Каго Ён паслаў. Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце праз іх мець жыцьцё вечнае, і яны сьведчаць пра Мяне. Але вы ня хочаце прыйсьці да Мяне, каб мець жыцьцё. Славы ад людзей не прыймаю, але ведаю вас, што любові да Бога ня маеце ў сабе. Я прыйшоў у імя Айца Майго, і вы не прыймаеце Мяне, а калі другі прыйдзе ў сваё імя, таго прыймеце. Як вы можаце верыць, калі прыймаеце славу адзін ад аднаго, а славы, якая ад адзінага Бога, не шукаеце. Ня думайце, што Я буду вінаваціць вас перад Айцом; ёсьць на вас абвінавальнік Майсей, на якога вы спадзеяцёся. Бо, калі б вы верылі Майсею, то верылі б і Мне, бо ён пісаў пра Мяне. Калі ж ягоным пісаньням ня верыце, як Маім словам паверыце?»